Салавей, 1 часть

Сымон з Зосяй сядзелі моўчкі, прытуліліся адно да аднаго натапчане пры стале. У іх ужо было вырашана ў Каляды прасіць у пана дазвол на вяселле.
А вось раптам уздрыгануліся.
Яны пачулі тупат ног, гопат па лужынах каля хаты. Хутка скрыпнулі дзверы, і, сагнуўшыся, каб галавой не ўдарыцца аб верхні касяк дзвярэй, увайшоў высокі малады хлопец.
Гэта быў Макар, адзін з панекіх гайдукоў.
— Добры вечар! — буркнуў ён у хату.
— Добры вечар! — адказала адна толькі старая заўпалым голасам.
Сымон пабляднеў.
— Ці не данюхаўся панскі гіцаль, што я тут. Мабыць, мяне шукаюць, — падумаў ён. — А можа, так прыйшоў — да Зосі?
Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Усялякімі спосабамі стараўся ён задобрыць яе. Але, нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, Зоська ненавідзела яго, як і ўсе сяляне, за тое, што быў мужыцкім вырадкам, здзекаваўся над імі, дзе толькі мог.
Яго ўсе называлі «панскім гіцлем».
— Што ж і сесці мяне не просіце? — сказаў Макар кеплівым голасам. — Тады сам сяду.
Сеў за стол грузна, цяжка і роблена па-старыкоўску «эхнуў».
«Пэўна па маго душу прыйшоў», — думаў Сымон і пачаў прыслухоўвацца, ці не чуваць каля хаты крокаў каго-небудзь яшчэ. Адзін Макар не пусціцца за ім.
Сымон адсунуўся ад Зоські і давай пільней прыслухоўвацца.
За сцяной хаты на гародзе як бы хтосьці ходзіць...
— Што так вушы вострыш, Сымон? — запытаўся Макар.
— А гэта не павінна цікавіць панскага саб... — не закончыў Сымон.
— Чаму не павінна? павінна! — цвёрдым голасам сказаў Макар і заскрыгатаў зубамі ад злосці. — Ты не думай, хамула, што вырвешся з маіх рук. Хата абкружана. Цівун па тваёй лацы выкруціў нагу, як упаў з каня. Пан гэта табе не даруе.
Сымон маўчаў. Зоська і матка яе таксама як бы анямелі. Яечня была гатова.
Старая запаліла лучыну і палажыла белы абрус на стол. Тую вячэру, якую яна рыхтавала для Сымона, падсунула Макару.
— Еш, паночку! — сказала яна ціхім голасам, і зморшчаны твар яе зрабіў лагодную ўсмешку.
Сымон не пакрыўдзіўся на старую, бо добра зразумеў яе бабскія хітрыкі.
— Еш, паночку! — паўтарыла яна другі раз яшчэ болей лагодна.
— Ды я не галодны! — аднекваўся Макар.
— Не павінен ты ганьбаваць маім хлебам-соллю, саколік, калі хочаш мець за жонку маю Зоську... — не адступала старая.
Сымон уздрыгануўся: «Мо старая гэта шчыра гаворыць...» Макар спадлобку зірнуў на Зоську і прыняўся за яду. Зоська яшчэ далей адсунулася ад Сымона і ціхенька зацягнула песню:
Дайце вы мне вольку — Я ў зязюльках апынуся; Дайце вы мне крылкі — Я да пташак прылучуся...

Size