Салавей, 1 часть

Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу. Салоўка спявае.
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку? Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі.
Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі як гліняны гляк дротам. Калі не верыце — папрабуйце.
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Лна вясной атуляе музыкай наш бярэзнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам разнастайных трэляў.
Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызняк і звіняць срэбрам і шклом.
Тады здаецца, што салаўіная песня застывае на лузе кроп-лямі расы, дыяментамі радасных слёз. Тады здаецца...
Кожнаму ўсё па-свойму здаецца.
А месяц — чырвоны, чырвоны. Вясновую ноч крывавіць. А часам ён сіні або іншага колеру.
Бывае, месяц выглядае, як серп, як падкова, напамінае жывёліну, выстаўляе рукі, як чалавек, на хвойку ўзлезе.
Гэта ўсё залежыць ад аўтара.
А вочы ў яе робяцца таемнымі, вабнымі, а твар — бледны.
Вечная, яна марыць аб вечным ім.
А ўсяму гэтаму вінават салоўка.
Ці варта чапаць гэту маленькую птушачку?
Мы і не думаем чапаць.
Наш сказ аб такім салоўцы, які спявае нават узімку.
Летняя раніца. Сонца лезе гарэзліва ў акно. Не дае спаць. Тупат ног па тратуарах. Людскі гоман. Нядзеля. На вуліцы рух.
Па кроках, па гутарках, якія чуваць праз ценкія драўляныя сцены маёй кватэры, пазнаю большасць маіх суседзяў і суседак з прадмесця.
Праходзяць каля майго акна дзве старыя дзевы: панна Вікторыя і панна Канстанцыя. Яны гугараць аб «пончках з кавай», якімі даўней карміліся. У галасах шасцідзесяцігадовых «панн» адчуваецца апетытнасць, імкненне да асалоды. Мне здаецца, што бачу іхнія шамкаючыя, слінявыя зморшчаныя губы і галодна-жаласныя падслепаватыя вочы.
Цяпер яны абедаюць у сталоўцы нейкай дабрачыннасці і патрохі жабруюць па суседзях.

Size