Салавей, 2 часть

Цімакі селі ў кружок, моўчкі, сур'ёзна, нібы чакалі ад скрыпача нечага такога, ад чаго залежала іх жыццё і смерць.
Здавалася, што грозныя стагоднія хвоі з нецярплівасцю чакалі. Здавалася, што вершаліны шумець перасталі.
Антон зайграў.
У першы раз пушча чула такія гукі. У першы раз прыгонныя чулі такую музыку.
Антон зусім забыўся, што вакол яго сядзяць людзі. Ён граў для «сябе». У адзін і той самы час чуваць былі розныя галасы: адна струна заходзілася ад плачу, другая дзіка рагатала, а трэцяя струна кудысьці клікала-звала грозным крыкам. Не было на гэты раз той кволасці ў яго ігры, што чуваць была ў панскім палацы.
Антон адчуваў, што яму горача: гарыць лоб, вочы, а ў грудзях страшнае пажарышча. Каб рукі не былі заняты ігрою, ён бы сціснуў далоні ў цвёрдыя кулакі, сякеру ўзяў бы...
Чамусьці ў гэты час усе цімакі ўспомнілі адно і тое самае: Свісты бізуноў па акрываўленых плячах прыгонных, жудасны плач сялян і рогат, дзікі нястрыманы рогат лютага войта і азвярэлых панскіх гайдукоў.
— Біць! Рэзаць! Паліць! —крыкнуў адзін з цімакоў ды ўскочыў з свайго месца.
— Хадзем! Маёнтак падпалім! — крыкнуў другі.
— Усю свалату перарэжам! — залямантаваў трэці. Кожны па-свойму выказваў сваю злосць.
Адзін толькі атаман маўчаў. Толькі жылы на яго лбе выступілі, і над самым носам углыбіліся дзве змаршчыны.
Над налянай вісела гарачае рыжае сонца. Пахла смалою і травамі.
Антон спыніў ігру.
— Лоўка граеш! — пахваліў яго атаман.
— Перад мужыкамі лепш грае, чымся перад панамі, аж за сэрца бярэ, — заўважыў адзін з былых панскіх актораў.
— Што гэта? — усхапіўся раптам ад дзіва атаман. — Хто тут плача?
Воддаль пад хвояй корчыўся ад плачу Салавей.
— Чаго хнычаш? — злосна крыкнуў атаман. — Мяккае ў цябе сэрца, як бачу. Не салаўём трэба быць, а злосньш каршуном! Нашаму брату плакаць не выпадае.
— Далей чакаць нельга! Пойдзем! — пачуліся галасы цімакоў.
Пасля згоды атамана людзі пачалі збірацца ў дарогу.
— А ты, можа, тут застанешся пасалаўінаму спяваць і слёзы ліць? — звярнуўся атаман да Салаўя.
Салавей пакрыўдзіўся, апусціў галаву і маўчаў.
— Ведаеш што, — сказаў яму атаман больш мяккім голасам. — Мы каля маёнтка ў гушчары пачакаем, а ты крыху пажартуй з пана Вашамірскага. Наладзь яму генеральную рэпетыцыго. Пасля гэтага мы прыйдзем табе на дапамогу. Так яно, можа, нават і лепш будзе.
Абрадаваўся Салавей.
— Грым, вопратка і конь будзе для мяне? — запытаўся Салавей.
— Усё дадзім, — сказаў атаман.
Свяціла сонца над палямі. Ціха і патаемна гулі вершаліны стагодняй пушчы.
Цімакі парашылі назаўтра ісці ў дарогу.

Size