Салавей, 2 часть

Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх вакольных і нават далёкіх маёнтках. Разносіў гэту славу на крыллях свайго красамоўства шляхціц Вольскі. Яму вельмі да сэрца былі новыя ўчынкі пана Вашамірскага. Апрача таго, што вялікая частка панскіх грошай, якія прызначаліся на куплю коней, заставалася ў Вольскага, ён меў яшчэ добрую награду ад пана і натурай: дзвюх балерын.
3 усіх ваколіц прыязджалі паны ў маёнтак пана Вашамірскага любавацца яго коньмі.
Аднаго разу прыехаў здалёк нейкі пан Скшымбжыцкі. Гэта быў чалавек гадоў пад шэсцьдзесят пяць, з даўгой белай барадой, высокі, надзіва стройны і спрытны на свой узрост.
Пан Вашамірскі паказаў пану Скшымбжыцкаму коней і яшчэ няскончаную новую стайню.
У старога пана вочы блішчэлі, як у маладога, кожны раз, калі выводзілі са стайні напаказ новага каня.
Відаць, пан Скшымбжыцкі быў вялікім знаўцам на коней: кожнага каня аглядаў з ног да галавы, зблізку і здалёк, мацаў крыж, глядзеў капыты, зубы; беспамылкова характарызаваў каня, як толькі раз гляне на яго; гаварыў цэлыя прамовы аб харастве каня, аб яго хадзе, хваліў пана Вашамірскага за яго новыя ідэі і за іншыя дабрачыннасці.
— Калісьці, — казаў пан Скшымбжыцкі, — і мой бацька быў аматарам да добрых коней, але да такіх коней, як у пана, было яму далёка.
Кампліменты старога пана былі вельмі даспадобы пану Вашамірскаму, і сімпатыя да гасця расла ў яго з кожнай хвілінай.
Пасля абеду пан Вашамірскі прапанаваў пану Скшымбжыцкаму пакатацца конна на адным з лепшых сваіх жарабцоў.
— Але, можа, ласкавы пане, па старасці пану больш пажадана на лёгкай брычцы праехацца? — запытаўся пан Вашамірскі.
— Ды я з ланам яшчэ конна бяруся ў выперадкі! — з скрыпучым старчым смехам, кашляючы, прагаварыў пан Скшымбжыцкі. —Калісьці і я быў на гэта ахвотнікам!
— Слова гонару, пану можна зайздросціць, калі так. Аднак жа думаю, што пан Скшымбжыцкі са мною не справіцца.
— Не ведаю. Спрабуем. Калісьці справіўся б! — працадзіў праз белую бараду пан Скшымбжыцкі і моцна закашляўся.
— Эт, калісьці, — гаварыў госць далей дрыжучым ад старасці голасам, — і я быў адным з першых наезнікаў! Гады... гады...
Госць глыбока ўздыхнуў, наставіў засмучаныя вочы ўдаль і ўвайшоў успамінамі ў мінуўшчыну.
Пан Вашамірскі з шчырым спачуваннем зірнуў на пана Скшымбжыцкага Слова «калісьці» кранула самыя чулыя струны яго душы. Ён успомніў свайго дзеда з такой жа барадой, з такім жа «калісьці». Вось як бы той з магілы падняўся.
— Мы будзем ехаць паволі. Выберам самых спакойных коней, ласкавы пане! — супакойваючым, нібы да дзіцяці, тонам сказаў пан Вашамірскі.
Госць доўга разважаў, пасля махнуў дрыжачай рукой, смешна тупнуў нагою і адважыўся:
— Калі на тое пайшло, пане Вашамірскі, дык няхай ужо будуць коні самага лепшага гатунку. Стары вол баразны не псуе. Калісьці і я быў не з апошніх малайцоў.
Па загаду пана Вашамірскага канюхі асядлалі двух коней. Стаеннікі білі капытамі зямлю, стрыглі вушамі, чакаючы паноў.
Спрытна ўскочыў на каня пан Вашамірскі. Ён сядзеў на тлустым Віхоры (так зваўся конь) лёгка і зграбна — нібы во ў танец пусціцца.
Пан Скшымбжыцкі ўзбіраўся на другога каня, па назве Нерон, цяжка, з воханнем. Падскочыў адзін з канюхоў і памог яму. Але як сеў у сядло, дык таксама выпрастаўся, як бы прырос да каня, і выглядаў, нібы барадаты кентаўр на старасвецкім малюнку.
— Эх, калісьці не карабкаўся я на каня, як старая баба, — уздыхнуў пан Скшымбжыцкі.
— Куды паедзем? — запытаўся ён больш цвёрдым і пэўным голасам. — Нібы акрэп і памаладзеў, седзячы ў сядле на такім слаўным кані.
— Едзем прысадамі на шырокі тракт, ласкавы пане! — запрапанаваў пан Вашамірскі.

Size