Салавей, 2 часть

Чужыя вуху пана Вольскага імёны грэцкіх муз звінелі залатымі ягадамі, блішчэлі дарагімі дыяментамі.
Вушы і вочы яго былі асыпаны такімі дарамі, што сапраўды можна мець толькі ў сне.
— Ой...
— Ой, каб гэты чароўны сон не паплыў ад мяне, як рэчка на лузе; не схаваўся б, як цень бярозкі, не ўзняўся б у нябёсы, як росы ранішнія.
Каб мацней затрымаць такі дзіўны сон, пан Вольскі ўжыў яшчэ адно — самае багатае з запасу сваіх пачуццяў — пачуццё мацання і пацалункаў.
— Ой, тут сапраўды адчуваеш! Балерыны закрычалі ад страху. Пан Вольскі нібы з неба зваліўся.
Незвычайныя істоты з незвычайнымі імёнамі пачалі сыпаць на яго такімі звычайнымі словамі, якіх пан Вольскі часам чуў толькі ад «хлопак».
Не то што дзяўчаты яго лаялі. Наадварот, яны вельмі далікатна прасілі, каб пан іх не чапаў. I «паночкам» звалі, і «літасці» прасілі, але для ганаровага панка «хамскі ензык» быў лаянкай.
Ён пачаў смялей наступаць на «быдла».
Падняўся лямант.
Набегла шмат народу з панскай чэлядзі. З'явіўся ксёндз Марцэвіч.
Пан Вольскі пачаў сумнявацца ў сваім сне:
— Ой, а можа, я ўжо прачнуўся? Чаму ж Салавей не спявае?
Доўга пан Вашамірскі глядзеў на гравюру. Розныя думкі лезлі ў галаву такім напорам, нібы іх гналі да яго, як пастух гоніць атару авечак. Згладзіўся боль, адышла крыўда мінулай ночы. Спакойныя разважанні апанавалі ім.
Няма лепшага хараства над хараством прыроды. Няма болей пэўнага мастацтва над мастацтвам, што раскідана ў прыродзе. Чалавек павінен гэта ўразумець. I чаму я такі доўгі час быў сляпым? Прырода — бязвінна, чыста і ніколі не здрадзіць, як чалавек.
Падняўся з дывана. У галаве выспявалі новыя планы. Новыя ідэі хараства мігацелі рознакалёрнымі вясёлкамі. Раптам пан Вашамірскі пачуў крыкі:
— Салаўя! Салаўя!
— Злавілі Салаўя! — падумаў ён.
Вочы ўспыхнулі гневам. Ён выскачыў з пакоя насустрач Салаўю. Тонкія белыя пальцы яго скрывіліся ў дрыготах і зрабіліся падобнымі да кіпцюроў коршуна.
У калідоры стаялі збянтэжаны пан Вольскі і ксёндз Марцэвіч.
Рыжыя валасы пана Вольскага былі натапыршчаны, нібы пер'і ў пеўня.
Ён ажыўлена махаў рукамі. На вачах выступалі слёзы. Ён хрыплым голасам крычаў:
— Салаўя! Салаўя!
— Ціха, пане Вольскі, — супакойваў яго ксёндз Марцэвіч, — а то пан Вашамірскі зноў пачастуе венгерскім віном з дзедаўскага келіха.
— Я праспаў Салаўя. Хачу паслухаць яго спевы!.....
Супакоіўся толькі тады, як заўважыў пана Вашамірскага.
— О, д'ябал! А я думаў... — заскрыгатаў зубамі пан Вашамірскі. Але абавязак гасціннасці да чалавека, якога ён запрасіў у госці, ды які яшчэ не ўцёк ад яго, як усе іншыя госці, прымусіў пана быць далікатным.
— Прашу да майго пакоя, пане Вольскі, — гасцінна прасіў пан Вашамірскі і ўзяў шляхціца пад руку з такой ласкавасцю і асцярожнасцю, нібы пан Вольскі быў шкляны.
Ціхім, нячутным крокам ксёндз шмыгнуў у малельню да пані Вашамірскай.

Size