Салавей, 2 часть

Пан Вольскі ззяў ад вялікай прыемнасці. Аглядаўся па баках — хто яшчэ заўважыць (хоць бы лёкай), якой пашанай ён карыстаецца ў пана Вашамірскага.
Пан пасадзіў шляхціца ў мяккі фотэль. Сам сеў насупроць.
У пана Вольскага ў вачах і ва ўсёй фігуры выяўляліся і ўласны гонар, і пачцівасць да пана, і хітрасць.
— Пан Вольскі мне друг? — запытаўся пан Вашамірскі.
— Ой, вечна гатоў служыць яснавяльможнаму пану! — сказаў шляхціц, стукнуў абодвума кулакамі сябе ў грудзі, наморшчыў лоб і ледзь не расплакаўся.
На тонкіх губах пана Вашамірскага мільгнула ўсмешка. Ён заўважыў.
— Верш, якім пан Вольскі мяне пачаставаў на балі, ніколі не выйдзе з маёй памяці. Каб пана за яго аддзякаваць, я прымушан быў пачаставаць пана з дзедаўскага келіха.
Шляхціц наставіў спалоханыя вочы. Рукі задрыжэлі. Пан Вашамірскі гучна зарагатаў, супакойваючы шляхціца:
— 3 дзедаўскага келіха не буду пана цяпер частаваць, але віна вып'ем з панам!
— Ой, вып'ем, яснавяльможны пане! — прагаварыў набожным голасам пан Вольскі і па-дзіцячаму пачаў перабіраць нагамі.
— А пакуль што пагаворым аб справах!
— Я слухаю, яснавяльможны пане!
— Дык вось, пан Вольскі пэўна бачыў, якія стаеннікі ў маіх гасцей, а ў мяне на стайні ніводнага добрага каня няма.
— Ой, праўда, яснавяльможны пане!
Шляхціц, спачуваючы, зірнуў пану ў глыбіню вачэй. Яму горача стала ад перспектывы гандлю і добрага заробку.
— Значыцца, — казаў пан далей, — я памяняў сваю стайню на тэатр...
— Ой так, так, яснавяльможны пане, — болын халодным тонам прамармыгаў шляхціц. 3 інтанацыі яго голасу нельга было ўцяміць, ці ён хваліць за гэта пана, ці ганіць.
«Мабыць, гандлю не будзе!» — падумаў шляхціц.
— Не было мне часу, — гаварыў пан Вашамірскі, — калі глядзець за стайняй... Быў заняты тэатрам. А цяпер абавязкова мне трэба набыць некалькі троек. Абавязкова!
Вочы пана Вашамірскага загарэліся.
Пан Вольскі зноў ажыў: гандаль наклёўваецца.
— Дык, можа, пан Вольскі дапаможа мне ў гэтай справе?
Пан Вольскі па-гандлярску гумкнуў і наморшчыў лоб:
— Многа грошы будзе каштаваць, яснавяльможны пане. Ой многа! Добрых коней ніхто не хоча прадаваць. А калі пан іх набудзе, дык хто за імі будзе глядзець? Пан тэатрам заняты...
— Тэатрам? Няхай яго д'яблы! Апрыкраў ён мне! Я гатоў яго задарма аддаць! Карысці няма ад яго.
— Нікому гэтыя тэатральныя хлопы не патрэбны. Яны ж, яснавяльможны пане, ні да якой працы ўжо не гадзяцца. Яны ж адвыклі ад яе, — гнуў сваю лінію хітры шляхціц.
— Бізун навучыць! — апраўдваў сваіх актораў пан Вашамірскі. — Коні, коні мне патрэбны нагвалт!

Size