Салавей, 2 часть

— Вязаць яе! Вяза-а-ць!
Як праз сон, як аглушаная, чула Зоська вакол сябе гоман устрывожаных людзей.
— Маці! Вяроўку дай! Вяроўку! — крычаў нехта.
Матка Зоські, жагнаючыся, божкаючыся, пабегла ў сенцы па вяроўку.
Зоська прыслухоўвалася да матчыных слоў. Маці, плачучы, апавядала мо ў дзесяты раз адно і тое самае. Зоська старалася ўцяміць сэнс гэтых страшных слоў:
— Дык, людцы родненькія, Зоська ўскочыла ў хату і схапіла сякеру. А ён гнаўся за ёю, Божа ж мой. Ён праз парог, а яна, міленькія, тра-а-ах сякерай па галаве. Трах! Ён і пакаціўся. А Божа ж мой, а родненькія, а міленькія...
Зоська з цікавасцю прыслухоўвалася да матчыных слоў. Уцяміла...
Сэрца яе то моцна калацілася, то зусім прыціхала, пуста рабілася ў грудзях. Дрыжэлі рукі і ногі, кожная жылка дрыжэла.
Зоська супакоілася толькі тады, калі рукі яе былі звязаны за плячыма. Яе пасадзілі ў кут перад абразамі.
Да ног лашчыўся стары кот, цёрся бокам да спадніцы і махаў хвастом.
Войт круціў тоўстыя вусы двума пальцамі правай рукі, падсоўваў, нібы ў падарунак камусьці, то адзін вус, то другі. Мышыныя вочы яго былі лагодныя. На гэты раз ён зусім не лаяўся. Ледзь кратаў тоўстымі губамі і цадзіў праз зубы:
— Та-а-ак, та-а-ак... Аг-а... Аг-а!
Спакойна распытваўся, як гэта здарылася, слухаў адным вухам, другім, жмурыў вочы, усміхаўся і нібы радаваўся. Выходзіла, быццам усё гэта было яму надта прыемна. Распытваўся ў сялян, у Зосьчынай маткі.
— Та-а-ак, та-а-ак... А-га... А-га!..
Зоську ніхто не распытваў. Нібы аб ёй зусім забылі. Людзі агойталіся. На душы палягчэла ад лагоднасці пана войта. 3 ім як бы паратунак з'явіўся для вёскі.
— Ну, разбойнікі, — грымнуў раптам войт, — вынасеце труп на санкі! А яе (войт паказаў рукой на Зоську) развязаць!
«Развязаць» было сказана з такой злосцю, нібы развязаць было для Зоські горшай карай, чымся быць звязанай.
Жьшы ў войта на твары надуліся. Вочы заблішчэлі.
Людзі вынеслі труп на прыгатаваныя сані.
Завойкала-загаласіла старая маці Зоські:
— Паночку... міленькі... родненькі...
— Ціха, сука! быдла! — крыкнуў войт, і вочы яго наліліся крывёю. —¦ Маўчы!
— Ёй будзе холадна, паночку... Кажух дам ёй...
— Грэць буду! — усміхнуўся ў вусы войт.
Матка ўскочыла ў хату па кажух. Тым часам войт пацягнуў за лейцы. Паехаў лёгкім крокам. Зоеька ішла побач з канём.
Матка вынесла кажух і пабегла за фурманкай, крычала:
— Паночку... паночку...
Войт пагнаў каня шыбчэй, сцебануў пугай Зоську... Конь панёсся.
Зоська ўся потам аблілася, расчырванелася. У вачах стаяў туман. Нічога перад сабой не бачыла. Толькі лясканне пугай па яе плячах, нібы гром, глушыла ёй вушы, кусала яе, нібы сотні аваднёў, нібы снапы іскраў.
Думкі ў Зоські блыталіся.
Яна падала ў снег. Забывалася, дзе яна знаходзіцца, што з ёю робіцца.

Size