Салавей, 2 часть

Войтава пуга кожны раз падымала яе зноў на ногі. Войт з кожным ударам пугі ўсё болей звярэў, ахрып ад дзікай лаянкі, і правая рука, што трымала пугу, занямела ад працы.
Зоська ні разу не крыкнула, не прасіла літасці ў войта, толькі ціха войкала і задыхалася' ад гарачыні.
Мароз пашчыпліваў войта за вушы. Вусы яго пасівелі ад шэрані, павіслі на іх ільдзяныя макавінкі.
Далёка ад фурманкі адстала матка Зоські. Шэрай кропкай выглядала старая ў снежнай белі, соўвалася наперад, як мурашка. Хаткі вёскі схаваліся за касагорам. Ціха стала вакол.
Трохі не па сабе зрабілася войту. Ён стрымаў шпаркі бег каня. Пачаў ехаць крокам і перастаў лупцаваць Зоську пугай.
— Пано-о-очку!.. о-о-очку! —даносіўся да яго здалёку крык Зосьчынай маткі...
Войт уехаў у лес.
Ціха было ў гушчары. У белых вывернутых шэрсцю наверх кажухах стаялі маўклівыя калматыя елкі. Санкі лёгка коўзаліся па снезе. Зоська ступала спакойна побач з канём. Войт глядзеў ёй у спіну. Жудасна зрабілася яму і як бы шкода гэтай дзяўчыны. Ён спыніў каня, злез з санак, зняў з Зоські вяроўку і казаў ёй сесці ў санкі.
Зоська здзіўлена на яго зірнула, нешта замармытала. Губы яе былі ў крывавай пене. Уздрыгі пранікалі ўсё яе цела...
— Ну садзіся хутчэй, пся косць!
Зоська ўсміхнулася. Яшчэ раз зірнула на яго. Давай пільна ўглядацца. Вочы яе расшырыліся ад захаванага нясцерпнага страху і агіды.
— Макар... Макар... — шапнуяа яна, —ты Макар... Наставіла супроць войта адубленыя рукі і закрычала:
— Не хачу на панскі баль! не хачу!
На Зоську напаў раптам смех, нястрыманы рогат. Яна глядзела на войта белымі зрэнкамі і рагатала. Корчылася ад смеху, Пена валіла з губ. Яна гогокала, выстаўляла рукі на войта, пазірала ў глыбіню яго вачэй.
— Го-го-го!
Жудасна зрабілася войту.
Ён даў пугай па кані. Конь ірвануўся і пабег. Зоська засталася ў лесе.
Салавей выскачыў з палаца на шырокі дзядзінец. Пакруціўся каля будынкаў і пабег у парк. Адтуль кінуўся ў вялізнае гумно. Чуў ён крык гайдукоў, якія пусціліся за ім удагонку.
— Лавіце! Лавіце!
Забрахалі сабакі. След яго ўжо быў страчаны.
Салавей урыўся ў вялізны стог сена.
Як усё супакоілася, ён вылез на гумно.
Стаяла цішьшя. Неба было чыстае, нібы цёмна-сіняе шкло. Буйныя зоркі залатымі вышыўкамі віселі ў бяздоннай вышыні.
Салавей зірнуў у бок лесу, што вызначаўся шараватай сцяною. Пасля цэлага дня сядзення ў запёртым цёмным пакоі, пасля таго, як прывялі яго на панскі баль і прымусілі спяваць салаў— ён адчуваў сябе чалавекам, ён меў перад сабою волыііцу-волю. Але ў гэтым прасторы яму было цесна. Ён не ведаў, куды ісці, дзе схавацца ад пана і яго наймітаў, дзе дзецца ад тых людзей, якія ад страху пакажуць на яго пану.
Салавей дыхнуў халодным паветрам.
— У лес... У лес...
Там ён у маленстве пасвіў панскае стада. Там яму вядомы і блізкі, як родныя браты, кожнае дрэва, кожны кусток...
3-за касагору зірнуў месяц — чырвоны, як кроў, што льецца на мужыцкім целе ад панскіх бізуноў.

Size