Каптурнiца

1 2

Бацьку і дзеду шыла штаны. Швейнай машыны не было. Ёй прыходзілася шыць рукамі. Галоўнай яе спецыяльнасцю былі каптуры. Яна майстравала каптуры для сялянак.
Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна, верх — з разнастайных паркалёвых ласісуткоў. Аблямоўвала каптуры шоўкавымі і стужкамі.
Зверху аздабляла каптуры дарожкамі з карунак. Карункі тырчэлі рубам, і каптуры нагадвалі дзівосныя кветкі — ці то павялічаныя рачныя лілеі, ці то агромністыя адуванчыкі. Для колераў і ўзораў фантазія каптурніцы мела прастор і разгон. На першы выгляд каптуры нібы рабіліся на адзін фасон. Але калі я добра прыглядаўся, дык не знаходзіў і двух аднолькавых. Кожны адрозніваўся чым-небудзь ад другога.
У гэтай сялянскай мадысткі не было люстэрка. Каб палюбавацца сваім творам, яна павінна была мець чыю-небудзь галаву. Галава знайшлася — мая. У працэсе работы маці прымервала каптуры на маёй галаве. Яна любавалася на каптур у анфас, у профіль і ззаду. Яна адыходзіла на некалькі крокаў, падыходзіла, заўважала неакуратнасці, знімала яго з маёй галавы, распорвала, зноў сшывала, зноў насоўвала мне на галаву і зноў правярала на вока.
Старыя сялянкі хвалілі яе работу. Ківалі галовамі, прыцмоквалі губамі і дзівіліся:
— Не каптур, а кветка...
Мне апрыкрыла выконваць абавязак манекена. Але вызваляцца ад гэтага мне рэдка ўдавалася. Я цярпеў да тых часоў, пакуль мае равеснікі не пачалі мяне называць: «каптурная галава». Мне прыйшлося спыніць штодзённы абход мястэчка, бо з-за кожнага вугла мне спявалі на розныя лады:
— Каптурная галава! Каптурная галава!
Я не ведаў, дзе схавацца ад сораму. Прыйшоўшы дамоў, я са злосці ўкраў пяток каптуроў, убіў перад матчыным акном на гародзе некалькі кійкоў і павесіў на іх каптуры на ўсю ноч. Раніцой я разбудзіў матку і сказаў ёй:
— Глядзі ў акно, каптуры выраслі на гародзе!
Маці ахнула. Кінулася мяне біць.
— Гэта ж украсці маглі ўночы! — сварылася яна.
— Мяне хлопцы дражняць каптурнай галавой! — плакаў я. — Не хачу, каб ты адзявала каптуры на маю галаву! Не хачу!
— А есці хочаш? — гаварыла маці. — Як табе не сорамна... Быў такі разумны хлапец, а во скепсціўся...
— Я зноў пачну кашляць і траціць прытомнасць, — страшыў я.
Маці была ў роспачы. Я ўзбунтаваўся не на жарт. Не хацеў прымерваць каптуроў. Уцякаў з дому. Але мне стала шкода гэтай гаротніцы, якая па некалькі дзён перад гадавымі святамі або перад кірмашом сляпіла вочы цэлымі начамі — шыла каптуры, схіліўшыся перад невялічкай лямпачкай. Часта яе перамагаў сон. Яна засынала і пальцы калола іголкай.
— Што рабіць? — думаў я.
I вось каптуры на тычках на гародзе накіравалі мяне на трапную думку. Я пабег да столяра — да рыжавусага дзядзькі Янкі.
— Маці прасіла, каб вы зрабілі балванок для каптуроў, — сказаў я.
— Што? Я не разумею.
— Ну, балванок, каб прымерваць на ім каптуры. Балванок такі, падобны да чалавечай галавы.
— А-а-а! — здагадаўся Янка.
Ён узяў сасновы чурбанчык і пачаў майстраваць спачатку сякерай, а потым геблем. Ён увесь час прыглядаўся да маёй галавы, каб надаць чурбанчыку патрэбную форму. Потым адрэзаў знізу роўна, каб чурбанчык стаяў на стале.
— Маці пыталася, колькі трэба плаціць? — сказаў я.
— Пяць капеек.

1 2
Size