Медзведзi Вашамiрскага

1 2 3

Вышамірскі быў намнога старэйшы за майго дзеда, Ён быў каморшкам.Яго хутарок стаяў на другім канцы мястэчка. Хата яго была пабудавана на гарадскі лад — высокая, з вялікімі вокнамі, з галубятняй у выглядзе прыгожай вежы, з верандай, аплеценай жывым хмелем. У хаце віселі клеткі з канарэйкамі, чыжыкамі, вавёркамі. У сенцах жыла прывязаная на ланцужку лісіца. Была ў яго доўгая палоска зямлі, агароджаная навакол высокім частаколам. Ён жыў з трыма незамужнімі дочкамі, якіх у нас звалі паненкамі.
На сваім невялікім кавалку зямлі Вышамірскі вёў культурную гаспадарку. У яго быў добра агледжаны, чысценькі садок, рыбная сажалка, некалькі калод пчол, гарод, канюшына і кавалак сенакосу. Былі пракапаны канаўкі для стоку вады, бо яго палоска зямлі знаходзілася ў нізіне ля возера. Над канаўкамі былі пароблены высокія прыгожыя масткі. У цэнтры яго зямлі стаяла альтанка з круглымі каляровымі акенцамі. Уся яго зямля была абсаджана ліпамі. На некаторых з іх гняздзіліся буслы. Дзесяткамі год гэты своеасаблівы аматар хараства не пакладаючы рук працаваў на сваім кавалачку зямлі, які ператварыў у надзвычайна прыгожы куток.
Мне, малому хлопчыку, здавалася, што гэта рай. Голубы ІЗышамірскага ляталі над мястэчкам. У сіняве неба яны здаваліся снежнымі. Яго буслы ўляталі на паляванне на балота, а нанач вярталіся ў свае гнёзды на ліпах.
Любімым заняткам Вышамірскага было паляванне. У маёй памяці ён ужо быў слабы, непрацаздольны. Гаспадаркай пад яго доглядам займаліся дочкі.
За Вышамірскім бегаў яго вечны сябар —стары пёс Лютня. Абодва яны дажывалі свой век. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны, якімі ён дзяліўся з людзьмі ўсяе ваколіцы. Яго лічылі за манюку, бо ён апавядаў такія дзівосныя гісторыі з свайго паляўнічага жыцця, якім сапраўды цяжка было верыць.
Невысокага росту, худы, з чыста выгаленым тварам, ён хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Улетку ён насіў белую палатняную вопратку і такі ж капялюш. Зімою ён бьгў апрануты ў футру. На галаве — цёплая шапка.
Калі-нікалі Вышамірскі прыносіў дзеду ў кузню мёд і яблыкі. Дзед кідаў работу, запрашаў Вышамірскага ў хату і частаваў чаем.
Вышамірскі апавядаў розныя прыгоды са свайго паляўнічага жыцця, галоўным чынам пра паляванне на мядзведзяў. Такіх апавяданняў у яго было шмат.
... Аднаго разу ён сустрэўся з мядзведзем адзін на адзін, лоб у лоб. Мядзведзь выхапіў з яго рук стрэльбу, зламаў яе папалам і / кінуў. Абхапіў Вышамірскага лапамі ды хацеў задушыць. Пёс Лютня ўскочыў мядзведзю на спіну і давай кусаць. На хвіліну мядзведзь выпусціў Вышамірскага з лап і пачаў скідваць з сябе Лютню. Вышамірскі выхапіў нож, каб зарэзаць мядзведзя, але мядзведзь зноў наваліўся на яго, кінуў на зямлю, а Лютня скок на мядзведзя.
Выпадкова натрапіў на іх другі паляўнічы. Ён папаў куляй у самае вуха мядзведзя. Аднак мядзведзь паспеў моцна пакалечыць і Вышамірскага і Лютню.
Вышамірскі расшпільваўся і паказваў на грудзях і спіне страшныя глыбокія рубцы — сляды кіпцюроў і зубоў звера.
Ён і другі раз раптоўна трапіў на мядзведзя. I Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Вышамірскі вьгхапіў табакерку і сыпнуў нюхальным тытуном Мішку ў вочы. Мядзведзь на хвіліну аслеп, зажмурыў вочы, зароў, завыў, хацеў кінуцца на Вышамірскага. Вышамірскі адскочыў за дрэва. Мядзведзь з усяго імпэту стукнуўся лабацінай аб хвою і паваліўся. Вышамірскі стрэльнуў у яго пару разоў і прыкончыў.
У трэці раз ён папаў на спячага мядзведзя. Разлёгся валасаты пан Міхайла на імху, як на пярыне, бахматыя лапы пад галаву падлажыў і соладка храпе, як той касец пасля працы. А на тое ліха Вышамірскі пакінуў стрэльбу ў хаце палясоўшчыка.
Упершыню ў жыцці такое глупства зрабіў. Хто ж гэта мог падумаць, што за паўвярсты ад лесніковай хаты касалапыя паны Міхайлы адпачываюць пасля полудня?!
Стаіць Вышамірскі ля калматага асэсара і думае: Што рабіць? Ціханька пайсці назад? А мо ў гэты час прачнецца Міхайла і кінецца яму на спіну... Не рухацца з месца? Ад чалавечага духу прачнецца і так пагладзіць яго лапай, што Вышамірскаму будзе капут... А сонца бязлітасна пячэ. Навакол пахне дурманячым багуном. У Вышамірскага дыбам валасы становяцца, шапку ўзнімаюць... I стукнула адважная думка. Ён прыгнуўся да самага вуха мядзведзя ды з усяе сілы гукнуў:
— Гу-у-уу! — і адскочыў за высокі корч-вываратню.
Пан Міхайла ўсхапіўся ні жывы ні мёртвы. Працёр лапай спалоханыя вочы. Узняўся на ногі. Прайшоў, як п'яны, некалькі крокаў, паваліўся і ўткнуў морду ў мох.
Вышамірскі яшчэ не верыў, што мядзведзь скончыўся ад страху. Кінуўся ў леснікову хату па стрэльбу, схапіў яе і яшчэ не паспеў вярнуцца назад, як пачуў стрэл. П-п-оўх! — аж водгаласкі пайшлі. Прыбег.
Ля мядзведзя стаіць паніч Прушынскі з блізкага маёнтка ды горда вусы падкручвае. Яшчэ дыміцца курок яго дубальтоўкі.
— У самую галаву папаў, — хваліўся паніч Вышамірскаму. А яму Вышамірскі на гэта:
— Лёгка было панічу папасці ў галаву мёртвага мядзведзя.
— Як жа гэта?! — ускіпяціўся паніч.
— А вось так, як паніч бачыць, — сказаў Вышамірскі. —¦ Як паваліўся пры мне мядзведзь, як уткнуў морду ў мох, так і цяпер ляжыць.
I Вышамірскі апавядаў панічу, як усё гэта здарылася. Паніч заартачыўся, слухаць не хоча.
— Мой мядзведзь! — кажа Вышамірскі.
— Мой мядзведзь! — кажа паніч.

1 2 3
Size