Верабей и цар Саламон

У гадавыя святы дзед любіў выпіць. Аднаго разу ён быў да таго п'яны, ажно хістаўся на нагах. Дзед пачаў скардзіцца, што хата старая і ў ёй нельга жыць.
Хістаючыся, ён выйшаў з хаты, узяўся за вугал і сказаў да бабулі, якая выбегла за ім:
— Перавярну хату, тады Анупрэй збудуе мне новую! Ён узяўся абедзвюма рукамі за вугал і давай натужвацца.
— Кінь, яшчэ падарвешся, — крычала на яго бабуля.
— Перавярну! Усю зямлю дагары нагамі перавярну! — харахоліўся дзед. — Я дужы, як Гірша-Меер каваль! Я гнеўны, як разбойнік Ціхан! Я строгі, як ураднік Ясінскі!
Тут жа стаяў Анупрэй і рагатаў.
Калі дзед працверазіўся, Анупрэй з яго пачаў жартаваць. Дзед адказаў свайму домаўласніку байкай.
— Цар Саламон пабудаваў у Іеру'саліме хорам. Усе цары Усходу і Захаду прыехалі да яго на ўрачыстасць. Яны любаваліся хорамам. Сцены былі з горнага каменю. Дах — медны. Унутры хорам быў аздоблены золатам і серабром. Цары Усходу і Захаду хвалілі пабудову. «Ніякая сіла не зварухне такі гмах з месца», —гаварылі яны. У гэты час на медным даху хорама стаяла пара верабеек і слухала гутарку цароў. Верабей, які на царскім піру дзеўбануў драбінку хлеба з лужыцы віна, быў п'яны. Ён зарагатаў пісклявым галаском і сказаў другому вераб'ю: «Глупства гавораць людзі. Я вось тупну нагой — і хорам разваліцца ў пыл і пясок». Цар Саламон, які разумеў мову звяроў і птушак, прыслухоўваўся да гутаркі вераб'я. Ён кіўнуў да вераб'я пальцам. Верабей адразу працверазіўся, спалохана ўзляцеў на дарагі пярсцёнак Саламонавага пальца, на які паказаў яму цар, пакланіўся і запытаўся: «Чым маленькі падданы можа служыць вялікаму цару?» Цар Саламон усміхнуўся і сказаў: «Зараз жа ўзляці на дах, тупні нагой ды разбуры мой хорам. А калі ты гэта не здолееш зрабіць — мой востры меч зніме тваю галаву з плеч».
Скончыўшы байку, дзед дадаў:
— А цяпер, Анупрэйка, я табе пакажу, што я не хваліўся! Дзед узяў кол, падсунуў пад трухлявы вугал хаты, і ўся сцяна захісталася.
—Ды ты, Лэйзарка, хату разбурыш, — устрывожыўся Анупрэй.
Праз некалькі дзён мы перабраліся ў Анупрэеву пуню, і Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў.

Size