Пад песняй салоўкі

Над сажалкай люстэрнай, між цвітучым вішняком, салоўка пеў. Спала зямелька вясновая пад паўночным ззяннем месяца. Зоркі ў небе блішчалі буйныя і бліскучыя.
Спаў і я, толькі сэрца маё не спала. Сэрца марыла аб той, каторая яго запаланіла, каторая іграла на маім сэрцы, як на арфе...
Песні майго сэрца былі вясновыя, сонечныя, як песні салаўя. Свет Божы выглядаў у іх такім харошым і шчыра-радасным, як само сонца. Жыццё ў гэтых песнях малявалася фарбамі кветак. I было яно чыстае, як крынічная вада.
А кончыў салоўка сваю песню, мінула вясна, кончыліся песні майго сэрца — мінула вясна і для яго. А дзяўчынка пайшла ў нябыт, пакінуўшы мне толькі недасціглую мару.
Яшчэ раз прыйдзе вясна, яшчэ раз салоўка запяе, але сэрца маё болей не адклікнецца на гэтыя чары, як раней, бо яго вясна мінула назаўсёды...

Size