Купальская ноч

Аб купальскай ночы на Беларусі шмат пяюць песень, шмат казак расказваюць...
Галоўны матыў гэтай народнай творчасці — шуканне нейкага таемнага скарбу, шуканне захаванага шчасця і долі...
Не дзеўкі агонь раскладалі, Сам Бог агонь раскладаў...
Кажа купальская песня і ладзіцца — святагульня на ўсю купальскую ночку.
Браты мае! Ад вёскі да вёскі паліце агні!.. Гуляйце, скачыце хоць дзеля таго толькі, што жыццё ваша, цяжкімі ланцугамі абхапіўшы вас, не ўсе светлыя думкі выбіла з грудзей вашых і не зусім бяздушнымі, сухімі муміямі зрабіла вас... бо жыве ў сэрцах вашых пачуццё нездаволенасці цяперычынай, бо жадаеце і шукаеце нязнанага шчасця, дзіўных агняцветаў.
Ладзьце гульні, паліце агні па ўсёй зямельцы нашай!..
Як у душах вашых запалае агонь змагання за сваё роднае, як у думках вашых зацвіце чароўны цвет святой праўды — тады вы пазнаеце, што ў вас саміх, у вашых сэрцах захован той багаты скарб, каторага ад вякоў шукаюць у купальскую ночку...
Толькі не хавайце адзін ад другога свайго шчасця шукаючы, а наадварот — шматмільённай грамадай ступайце наперад па шляху сваім... Як зіма нікне перад магутным сонцам, так знікне ўсё цяжкое, цёмнае, і яснае шчасце зайграе ў вачах вашых тысяччу жыватворнымі праменнямі, калі вы знойдзеце загубленую сваю душу, душу свайго народа...
Хай старцы засядуць пры агнях і дзіўныя казкі баюць унукам сваім, хай уся моладзь беларуская, з вянкамі са свежых кветак на галовах, пяюць і скачуць усю ноч купальскую!.. Гэта ночка павінна быць святам нашага нацыянальнага адраджэння, катораму імя — бязмерны скарб. Хоць мы яго доўга шукалі, але знайшлі, і ён ужо ад нас навекі не ўцячэ!..
Паліце радасныя агні, радуйцеся па ўсёй краіне нашай!..

Size