Народ i iнтэлiгенцыя

За апошнія сто гадоў народ быў для інтэлігенцыі першым пунктам апоры. Лепшыя сыны з народу, як у святую Мскку1, «ішлі ў народ».
Яны напаўнялі астрогі, гінулі на шыбеніцах, гнілі ў казематах, закутыя ў ланцугах, паміралі ў адзіноце ў халоднай Сібіры на катарзе і рэдка-рэдка каму пашанцавала ўцячы за межы роднай зямелькі, ратуючыся ад прагавітых царскіх тыранаў. Сваімі святымі мучанікамі ад інтэлігенцыі народ мог бы напоўніць увесь каляндар на цэлы год па некалькі дзесяткаў на дзень...
Народ быў Сінаем2 для гэтых ваяк за волю. Народ быў іх богам. Словы яго былі для іх Евангеллем... Народ быў атулены ў іх марах-думках біблійна-паэтычным арэолам. У кожным з гарапашнікаў-хлебаробаў інтэлігенцыя бачыла Хрыста-пакутніка, каторы навекі прыцвікованы да крыжа мук і здзеку.
Народ вабіў інтэлігенцыю дзвюма сіламі.
Першая сіла— страшны здзек прыгону, паніжэнне чалавечага «я». Спадчына паншчыны да апошняга часу.
Другая сіла — жыццё ратая сярод прыроды ў прастаце, у наіўна-дзяцінай шчырасці. Ад гарадскіх шэрых сцен, ад закурэлага дымам гарадскога сонца, ад мішурнага бляску гарадской распушчапасці, — інтэлігенцыя рвалася ў поле, у лес, у вёску, багатворучы сярмяжніка-пакутніка.
I вось народ, дзякуючы віхуры вялікай вайны, а галоўным чынам дзякуючы інтэлігенцыі, стаў на ногі. Сімвалічны мучанік, аспяваны, аслаўлены ў гімнах сваіх прарокаў-інтэлігентаў, пачаў выпростваць свае акрываўленыя, згорбленыя плечы...
Народ адкрыў вочы з цемры на свет і пачаў азірацца па баках.
Пачаў народ азірацца недаверліва, апасліва, і гэта было зусім справядліва. Бо, пазнаўшы сваю цемнату, сваю неасвядомленасць, народ баяўся зноў падпасці пад ярмо выпадковых спрытных несумленных людзей — палітычных авантурыстаў.
Народ асцерагаўся інстынктыўна. Але не па сіле было асцерагацца да канца. Інтэлігенцыя, — спаткаўшыся тварам да твару з народам, у якім гнеў за ўсё мінулае кіпеў у душы, каторы вымагаў, каб усе даўгі яго за некалькі вякоў былі выплачаны адразу, — не магла пайсці слепа за народнымі лозунгамі, ведаючы немажлівасць выпаўнення практычна ў жыцці за кароткі час такіх дамаганняў.
Гэта ўзбудзіла падазронасць народа да інтэлігенцыі, гэтым скарысталі хітрыя людзі, нявольнікі натоўпу, сучасныя Пугачовы, каторыя ўзялі народ пад сваю апеку. Яны завабілі народ прыгожымі падатлівымі для яго словамі, карыстаючыся яго цёмнымі інстыпктамі, і народ за імі пайшоў. Іначай рабіць ён не мог.
Пад выкрыкамі і гіканнем сучасных Пугачовых народ ахмялеў. I брат на брата пайшоў, і сын на бацьку. I народ у асляплёнасці сваёй пачаў губіць сам здабытую за вялікія ахвяры, за цэлыя рэчкі чалавечай крыві доўгачаканую волю.
Дзікім віхорам пусціліся па нашай зямельцы азвярэлыя людзі. Яны гарцуюць цэлымі бандамі і нішчаць, і грабяць, і забіваюць. Апошняе зерне на гарэлку выганяюць і твораць голад, руіны небывалыя ў нашым краі.
Чорныя рыцары, у сацыялістычных забралах дзеля блізіру, ускалыхнулі ў народзе звярыную помсту за мінулае, і народ цяпер сам сябе ўстрымаць не можа. I доўбнямі брат брату ўбівае «праўдзівы сацыялізм» у галаву. Так глыбока заганяе, што аж чэрап гнецца...
А ўсё ж такі сам народ ці вінават, а вінаваты тыя новыя вучыцелі, якія моцна захапілі яго ў свае рукі.
Гэтыя вучыцелі раздзялілі яго на дзве часткі — на «таварышаў» і «буржуяў».
Паглядзелі на чалавека — вопратка і белы каўнер — і асудзілі яго адным важкім словам: «буржуй». Пасля гэтага чалавеку не тое што не вераць, а паніжаюць і крыўдзяць рознымі спосабамі.
Атрымаў чалавек такуюсякую адукацыю — «інтэлігент», «буржуй», і бяда гэтым людзям. Дайшло да таго, што ў вёсцы бацька не давярае роднаму сыну, вучыцелю-«інтэлігенту». Бо сын ужо быццам «за паноў трымае...».
А вось розным падазроным «таварышам з фронту», мо быўшым угалоўным праступнікам ці ўраднікам — вераць. Бо тыя хітра маскіруюцца пад «прыяцеляў народу», кажучы цёмным людзям: «Рэж, бяры, рабуй! I за добрую навуку частку здабычы ў буржуяў нам дасі!..»
Гэтым цёмны чалавек не можа не верыць...
I робіцца нешта кашмарнае, страшнае, дзікае. Людзі парабіліся, як звяры.
Выйшла так, што быццам сам народ дайшоў да праўдзівага сацыялізму, а яго сыны-інтэлігенты зрабіліся «буржуямі». Народ аддзяліў сябе каменнай сцяной ад тых светлых людзей сваіх, якія дзесяткамі гадоў жылі толькі для народа. Але гэта каменная сцяна ненадоўга. Народ пазнае праўду і разрушыць гэту сцяну. А інтэлігенцыя, нягледзячы на гэту сцяну, не адышла ад народа. I цяпер праўдзівыя піянеры народнай волі пакутуюць толькі за народ і яшчэ бліжэй да яго падышлі, бо без усялякай ідэалізацыі, а натуральнымі вачыма глянулі на народ. Інтэлігенты яшчэ больш, як раней, пакутуюць за народ, бачачы, як народ сям сябе губіць пад уплывам лжэпрарокаў. Народ агледзіцца ў хуткім часе і злучна са сваімі шчырымі сынамі — інтэлігенцыяй — пойдзе да сапраўднай леншай долі. Народ не дапусціць замарыць сябе да канца, каб пасля гэтай навальніцы не прыйшлося дзесяткі гадоў працаваць толькі на тое, каб як-кольвек стаць на ногі.
Інтэлігенцыя і народ зразумеюць адно аднаго і сальюцца ў адно сэрца, у адну душу, і ніякага раздзелу паміж імі не будзе.

Size