Зносiны з вескай

Тая сувязь з правінцыяй, якая пры кепскіх варунках камупікацыі і іншых перашкодах намі наладжана, вельмі слабая. Безумоўна, трэба, каб ад цэнтра нашага нацыянальнага руху разыходзіліся нервытокі па ўсіх глухіх куткох беларускіх абшараў. Трэба, каб вёска асведамлялася ў шырокім размеры.
Раз'язджаючых інструктараў у нас бракуе. Нашыя газеты часта не даходзяць па адрасу нават і туды, дзе пошта ўжо наладжана. А вёска чакае, сялянства ведае мала аб тым, хто за яго стаіць. Часам праз дзесятыя рукі, даведаўшыся аб якой-кольвек беларускай арганізацыі, вёска прысылае да нас сваіх хадакоў, каб «паслухаць, дзе што робіцца». Шмат сведчаць аб іх зацікаўленасці сотні сялянскіх подпісаў на адчыненне беларускіх школ, запытанні аб войску. Але мусім прызнацца, што ў кірунку сувязі з правінцыяй яшчэ ў нас мала зроблена.
А іншыя не спяць — выкарыстоўваюць гэта вельмі спрытна... Антыбеларуская агітацыя ідзе налева і направа. Розныя легендарныя чуткі не ў нашу карысць распаўсюджваюцца. Небыліцы вырастаюць у цэлыя горы. Несумленная агітацыя робіць сваё.
Як нам выйсці з гэтага становішча? Патрэбна шмат энергіі, працы. Трэ ў сто разоў павялічыць дзейнасць нашых раз'язджаючых інструктараў. Гэтай справе павінна быць аддадзена бадай першае месца.
Шмат дапамагчы гэтаму можа цяпер нашае настаўніцтва з правінцыі, якое, праслухаўшы беларускія педагагічныя курсы, зноў вернецца дахаты — у вёску ці ў мястэчка. Святы абавязак кожнага настаўніка — мець на мэце асведамленне сялянства. Мы пэўны, што настаўнікі ў гэтым кірунку будуць працаваць.
Цяперака, з пачаткам вербавання беларускага нацыянальнага войска, адносіны з правінцыяй вельмі павялічацца. Вярбоўшчыкі войска беларускага павінны быць тымі вестунамі, якія маюць разнесці самыя пэўныя весткі аб беларускім руху як жывым словам, таксама і праз свае друкаваныя адозвы.
Але нягледзячы на ўсё гэта мы павінны як найболей адкрываць па мястэчках і вёсках беларускія культурныя гурткі, зак-ладаць тэатральныя грамады і г. д. Беларускія спевакі і артысты павінны раз'язджаць па ўсіх абшарах роднага краю дзеля пашырэння роднага мастацтва і, гэткім чынам, дзеля інфармавання аб беларускай справе.
За апошнія тры гады наш тэатр шмат зрабіў у гэтым кірунку. Дзякуючы яму, нават і па вёсках ставяцца беларускія спектаклі. Але трэба яшчэ і яшчэ!
Нашыя інструктары павінны як найболей шырыць беларускую літаратуру. Пры шчырай працы сувязь з правінцыяй можа быць добра наладжана. А як гэта справа будзе ў нас добра нарыхтавана, тады будзе ў нас усё.

Size