Да беларускага студэнцтва

Да вас ідзе нашае слова, дарослая інтэлігентная моладзь Беларусі. Клічам вас да сваёй гасподы, да хаты роднай. Годзе працаваць на карысць чужых, трэба дбаць і аб сабе — аб сваім народзе, аб сваім краю.
Лёсам гістарычным вы прымушаны былі праз доўгія гады і яшчэ цяпер, дзеля здабыцця вышэйшай асветы, пакідаць сваю родную зямельку. У вышэйшых школах з вас выходзілі дактары, інжынеры, адвакаты, аграномы, настаўнікі і інш., якія здабылі сабе славу ў розных галінах навукі. Вы працавалі на Маскоўшчыне, на Каўказе, у Сібіры, на Поўдні, а ўсё гэта ішло на карысць чужых культур, чужых народаў. А калі працавалі ў родным краі, дык усё роўна пад чужой вывескай.
Шмат з сыноў нашай зямлі пад уплывам мацнейшых народаў зусім асіміліраваліся і, адрокшыся ўсяго роднага, парабіліся самымі заядлымі ворагамі беларускай справы. Вярнуўшыся назад у свой край, вельмі шкодзілі нам. Шмат хто дзеля кавалка хлеба, дзеля кар'еры і дзеля таго, што не знаходзілі поля да працы на роднай глебе, прымушаны былі нехаця працаваць для чужых. А некаторыя, аднак, нягледзячы ні на што, наколькі была можнасць, — як з прафесараў, таксама і з студэнтаў, — дапамагалі нашай справе.
Гэтак было дагэтуль.
Але цяпер, калі адраджэнне нашага народа пачынае ўлівацца ў дзяржаўную форму, калі аб нас загаварылі на ўсенькім свеце, калі ў розных месцах пачало арганізоўвацца нашае нацыянальнае войска, пара і вам, беларускае студэнцтва, соль нашай інтэлігенцыі, вярнуцца да сваёй маці Беларусі!
Сыны Зямлі нашай!
Праца вас чакае, праца гарачая, святая і неадкладная! Трэба адбудаваць сваю гаротную Бацькаўшчыну, не зважаючы ні на якія перашкоды з боку нашых ворагаў. Наша простая, шчырая дарога, наша няспрэчная вялікая праўда ўсё пераможа!
Вызвалім нашага мазольнага і няшчаснага гарапашніка-хлебароба ад векавечнай цемры, пакажам яму дарогу да шчасця, да свету. Апавядаем яму аб тым, што ён — гаспадар сваёй зямлі, што ён павінен разбіваць жалезныя путы сваёй няволі, што ён павінен, як роўны на роўных, глядзець на ўсе народы зямнога абшару. I гэта будзе ваша вялікая заслуга.
Найвялікшы ўдзел у нашай святой працы павінны прыняць вы, наша светлая моладзь, нашае студэнцтва!
Вы пры шчырай, маладой энергіі патрапіце так паставіць справу, што ў нас будуць і свае беларускія упіверсітэты, што нам не трэба будзе аддаваць сваёй навукі чужым краям і народам, а будзеце працаваць для сябе.
Наш край —¦ вялікі і багаты. Шмат ёсць у нашай зямлі шчырага, нечапанага багацтва, хараства-аздобы, спячых, захаваных скарбаў.
Ідзіце да сваёй гасподы, студэнцтва беларускае, ад шчырага сэрца клічам вас да працы! Мы ведаем, мы пэўны, што іскры і арачага пачуцця да ўсяго роднага ў вас не згаслі. Гэта быць не можа.
Мы пэўны, што вы не пакінеце сваёй старонкі ў яе сучасны гістарычны момант. Мы спадзяемся, што вы падымеце яе культурны і эканамічны заняпад да высокага ўзроўшо, каб нам не было сорамна перад другімі народамі.
Ідзіце дадому, нашае студэнцтва, — ужо пара!

Size