Беларускi рух i беларускiя лiтаратуры

Пасля перавароту 1917-га року наступіла новая эра і ў нашым руху. Узварухнуліся шырокія кругі беларускага народа. Пачала працаваць лепшая частка нашага насялення, каторая вярнулася да роднай глебы. ГІайшлі працаваць многія беларускія арганізацыі не толькі на Беларусі, але куды далей, за межамі нашай зямлі (уцекачы) і нават у розных краях за граніцай.
Але, калі хто думае, што пры ўсім гэтым адкрылася шырокая дарога да працы, да развіцця талентаў, беларускім пісьменнікам, што паляпшалася іх жыццё, — дык той абмыляецца. Астаткі ранейшых беларускіх пісьменнікаў і рад новых асталіся і цяпер, як гэта кажуць, «пад канём».
Я б сказаў, што ў беларускай справе і па сягонняшні дзень пануе вялікая эксплуатацыя беларускіх літаратараў. 3 аднаго боку — ганаровага — у нашых палітычных дзеячаў нібыта першае месца займае беларуская літаратура, а з другога боку — эканамічнага, яна займае самае непачэснае месца.
Выдаваць беларускую газету акуратна і нармальна вельмі цяжка. На гэта ў нашых заможных людзей «шкада грошы». Нашыя газеты хутка родзяцца і хутка паміраюць, бо фактычна нашыя главары імі мала цікавяцца. Штодзённую газету прыходзіцца пісаць як бы колечы дзвюм асобам ад першага да апошняга радкоў. А выдаваць беларускую газету ў 5 разоў цяжэй, чымся расійскую або польскую. Тут нажніцы нічога не дапамагаюць. Нават і абвесткі прыходзіцца перапісваць па-беларуску. А калі хто дае матэрыял хоць па-беларуску, дык у большасці прыходзіцца перапісваць і выпраўляць.
Потым новая бяда з карэктурай — добрага карэктара трудна знайсці.
Выдаць новую кніжку беларускую яшчэ болей цяжка. Рукапісы нашых пісьменнікаў валяюцца кучамі і часта прападаюць. Не выдаюцца асобнымі зборнікамі раскіданыя па розных журналах і газетах друкаваныя творы нашых пісьменнікаў, і тысячам жадаючым азнаёміцца з беларускай літаратурай проста няма магчымасці гэтага дабіцца.
А гэта ўсё, пры шчырых адносінах да беларускай справы, можна было б зрабіць. Наша літаратура адразу павялічылася б у некалькі разоў і гэтым паднялася б уся наша культура, павысіўся б нават і наш палітычны курс. Выходзіць тое, што сваімі халатнымі адносінамі да беларускага друкаванага слова нашыя палітыкі падсякаюць той сук, на каторым яны самі сядзяць. Выдаюць грошы немаведама на што, а беларускае друкаванае слова марнее, прадстаўнікі нашага друку працуюць без абеду.
Праўда, рэвалюцыйная бура выкінула на хвалях нашай справы шмат палітычных авантурнікаў-кар'ерыстаў, каторыя цікавяцца польскімі кішаньковымі справамі, а беларуская літаратура іх абыходзіць як леташні снег, але дзе нашыя лепшыя людзі? Ці ж так мала іх і яны нічога зрабіць не могуць?.. А каб усе працаўнікі беларускіх розных інстытуцыяў акуратна мелі за абавязак купляць сваю газету, дык яна б гэтым мела вялікую дапамогу.
А, сваім чынам, на беларускую газету трэба кленчыць капейкамі ў новых манапалістаў беларускай справы, а беларускіх літаратараў кормяць «ідэяй».
Час нашым пісьменнікам з'арганізаваць сваю прафесіянальную літарацкую злучнасць дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Шмат ужо аб гэтым было гаворана, але нешта ўсе адносяцца індыферэнтна да гэтай справы. Гэта вельмі сумна. Мабыць, гораня-доля іх шчыра няньчыла, калі яны нават надзеі страцілі паправіць сваё жыццё...
Але я, аднак, спадзяюся, што праўдзівыя працаўнікі беларускай справы, — пісьменнікі і паэты, каторыя патрапілі шчыра аддаваць усе свае лепшыя сілы, усё сваё жыцце дзеля карысці беларускага народа, патрапяць змагацца за адваяванне пачэснага месца беларускаму друку, каб ён меў магчымасць юці ўгору.

Size