Не бяжы за кветкай...

Не бяжы за кветкай сіненькай, што на дрыгве расце. Не перадавайся думам сваім маладым і гарачым. Не пазірай доўга на маладую прыгожую дзяўчынку, бо без пары загінеш! Занімашто прападзеш, хлопча!
Гаспадарка твая апусціцца; не будзе нават чаго да мякіны прымяшаць на хлеб. Як непрытомны, будзеш ты брысці па гасцінцы, і ўся веска цябе на смех падыме, пальцамі нячыстымі аж у вочы тыкаючы.
Толькі жалейку слухаць ахвотнікам станеш; заўсёды рвацца будзеш на зоркі глядзець... Вагаццем тваім будуць — вялікія боль у душы, горкія слёзы ў вачах... Але што выйдзе з гэтага?.. Равеснікі твае доднікамі будуць малаціць дабро тваё торпу за торпай, а ў цябе зуб аб зуб замалоціць. Равеснікі твае будуць сядзець у хатах тынкаваных, а праз тваю бравэрку дзіравую вецер халодны будзе свістаць...
...Не бяжы за кветкай сіненькай, што на дрыгве расце...

Size