Рунь

Ля ціхай вёскі, пад вясновым раскошным сонцам, абапал дарогі, на нізінах і раўнінах, між чорнымі палоскамі свежай раллі ярка-зялёнымі дыванамі красуецца рунь...
Вабіць вока ратая прыгожы выгляд кволых, слабенькіх раслін-дзетак Зямлі-маці і Сонца-бацькі.
А бацькі ў Руні добрыя і рупныя: яны песцяць і няньчаць дзетак-раслін і ўдзень і ўночы — і напояць пахучай расою, і коскамі абагрэюць, і пацалункамі абдаруюць.
I радуецца сэрца ратая і нацешыцца не можа. Выстаўляе ён мазолістыя рукі да неба з шчырым падзякаваннем. Ад вялікага, гарачага пачуцця гаварыць ён не можа — не хапае слоў, каб выказаць жыццядаўцу малітвы — песні шчырай і простай душы свае...
Пад гарачымі праменнямі сонейка, пад спевамі жвавых птушак, пад жывым подыхам вясновай зямлі ўся істота яго гавора без слоў:
«Дзякую Божаньку, Зямельцы, Небу, Сонейку, Месячыку і ўсім сілам жывой і спагадлівай Прыроды!
Вы дапамагаеце мне ў маёй цяжкай працы — зярняткі жытнія не прападуць дарма: рунь вырасце ў цэлае мора залацістых каласоў, закрасуе ніва, нальецца колас, пойдуць зажынкі, жніво і дажынкі; пачнуцца песні, скокі, гульні; будзе добры ўраджай, вялікі ўмалот, спорна ў млыне, багата ў дзяжы і на здароўечка ў ядзе сямейцы працавітай, старцам і лірнікам, людзям добрым і свету цэламу».
— Аман! — раздаецца гул усяе зямелькі, усяго неба.
Мо гэта шуміць гай на ўзгорку? Мо ручай пяе? Мо жаўранкі шчабечуць? Хто яго ведае — селяніну здаецца, што нехта кажа: «Аман!»
Наша беларуская літаратура, мастацтва, нашае нацыянальнае адраджэнне — гэта вясновая рунь, каторая красуецца пад сонцам. У душы нашага народа засеяны зярняты светлых думак аб волі, аб шчасці, аб незалежным жыцці.
Нашыя сілы яшчэ маладыя, але беларускае адраджэнне расце і павялічваецца з кожным днём. Будзіцца наш ратай да лепшай долі, рвецца да новага жыцця і сам хоча будаваць сваё шчасце.
Мы верым, што беларус стане гаспадаром свае зямлі. Мы нерым, што мазалі нашага селяніна, які трымаў на плячах сваіх чужынцаў, патрапяць зрабіць што-колечы і для сябе. Мы ве-рым, што беларускае поле закрасуецца, закаласіцца пад гарачым сонцам раскошна і багата!

Size