Чаржынскiм

20 верасня 1932 г., [Мінск ]
Мае дарагія Геня, Владэк, Віцька і Ронька! За гэта лета я аж тры разы пісаў вам, але, мабыць, лісты прапалі ў дарозе. Раз напісаў Владэку спецыялыіую адкрытку наконт яго перакладу «Анты Дзюрынга» Энгельса, бо яшчэ вясной гаварыў з загадчыкам Дзяржвыдавецтва Беларусі аб гэтай працы — і загадчык, А. Некрашэвіч, прасіў, каб Владэк яму аб гэтым напісаў.
Геня, блявузгання аб тваім замустве мы тут не чулі. Не ведаю, адкуль гэта бярэ Круталевіч, мабыць, адгалоскі ранейшых плётак. Плюнь! Спадзяюся, што фатаграфію мне прышлеш. Навін у мяне ніякіх. Працую і жыву. Друкуецца другі том рамана «Язэп Крушынскі», вялікая кніга ў 25—26 аркушаў. Том ахоплены ўвесь перыяд розных падзей на Беларусі аж да канца 1930 г. Пішу цяпер новыя творы. Я гэтым летам нідзе не быў. У нас дарагоўля, пэўна, не меншая, чым у вас. У снежні паеду на месяц у Кіславодск. I я хацеў бы пабыць у вас, але пакуль што на гэта няма сродкаў. Марыя мне нічога не пісала. Рэня з сям'ёю цяпер жывуць у саўгасе Сляпянка — 1 кіламетр ад Менска. У іх жыццё трохі палепшылася. Соня з хлопчыкам яшчэ ў мамы, а яе муж працуе ў бальніцы ў Плешчаніцах. Ён ужо доктар. Міця ў Барысаве. Ён цяпер вайсковец. Носіць рэвальвер, на каўняры 4 кубікі, і ён вельмі фарсіць.
Вельмі добра робіш, што задумала вучыцца. Гэта заўсёды пойдзе на карысць. Лёлік упарта вучыцца, ажно лбом сцены прабівае — сцены вышэйшай матэматыкі, фізікі і тэхнікі. Практыкуецца на розных заводах і рад, што адышоў ад літаратуры. Я таксама рад, што ён так зрабіў. Хаця ён мае тую самую ранейшую кватэру, але ён начуе ў мяне больш чым там. У нас яму прытульней з харчамі.
Зорачка выцягнулася-вырасла, даўгая і худзенькая. ІІачала лепш есці. Частабярэ вашы фотакартачкі і кажа: гэта цёця Геня, а гэта Ронька, а гэта Віцька, а гэта дзядзя Уладэк. Я паслаў бы яе фатаграфію, дык яна не даецца фатаграфавацца. Колькі разоў прабавалі, дык як толькі на яе наставяць фотаапарат, на яе нападае вялікі страх.
Прывітанне ад Машы, Зорачкі і Лёліка.
Цалую моцна.

Size