А можа, і праўда?.., Захаваю нуду сваю...

А можа, і праўда?..
А можа, і праўда, што пурпур над зарасляй рассылав нейкая таемная багіня хмар?
А можа, і праўда, што кожную кветачку анёл фарбуе і салоўка песціць?
А можа, і праўда, што сэрца маё нейкая парваная струна, каторай калісь-то крануліся кволыя пальцы дзяўчыны прыгожай?..
А можа, і праўда, што жыццё мае, гэта нейкая цудная мара паўночы, каторая знікне, чуць толькі першы певень запяе?..
А можа, і праўда, што ў пажарышчы тваіх ясных вачэй палаюць замчышчы нейкіх старасвецкіх казак, каторыя варожаць салодкім шопатам сваім?..
Лес маўчыць і нічога не кажа; чарот у завадзі шуміць ды гэтаксама мала чаго гаворыць. Зоркі на мігі сваю гутарку вядуць...


Захаваю нуду сваю...
У чачоткавую іпчыльную скрыню захаваю нуду сваю, закіну ў глыбокую затоку і сам зраблюся чыстым, як той снег, каторы яшчэ да зямлі не даляцеў. Пушчуся пад самае яснае сонейка, каторае абхопе мяне сваімі гарачымі косамі, і я зажыву, нібы кветка пад даглядам свядомага садоўніка. Я буду бачыць, як сонейка ўзыходзіць над борам, як вярбіна шаптункі свае з чаротам вядзе, як салоўка над панскай сажалкай пяе, досыць з мяне. Нібы ралля расой, душа мая абмыецца светлымі думкамі, і жыццё мае пойдзе, як тая сцежка, па стромкай гары ўвысь.

Size