Маці

Доўга брыў я па чужых людзях, далека ад роднай вёскі сваей. Доўга не бачыў я знаёмых і блізкіх мне людзей, не чуў родных сумных песень...
Нацярпеўшыся, заўсёды адзінокі ў цяжкай працы сваёй, я ўздыхаць нават саромеўся, бо чужыя людзі асмяялі мяне з ног да галавы. Не то што з парванай бравзркі маёй жартавалі, але і з праўдзівай душы маёй...
Я цярпеў і маўчаў.
Як цяжарная гіра, хіліла крывавая крыўда мой крыж; мозг у касцях маіх высах. Нешта смактала кроў маю, і чуў я нейкі гол ас таемны ў поўначы:
— Маці старая кліча цябе, чакае пестуна свайго. Па начах не спіць ды ўсё плача: чаму ты аб яе забыўся? Чаму ты яе пакінуў? Тваё поле не арана, благія суседзі каменнямі закінулі межы твае. Нават цыганоў ахвота не прабірае пераначаваць у пустцы тваёй...
— Хадзі!.. Маці старая заве цябе дамоў у родны куток... Яна слязамі сваімі абмые твае крывавыя раны... Сівымі валасамі прыкрые апухшыя ногі твае і прытуліць цябе...
Вырваўся месяц з-за блакітнай хмаркі, і яшчэ сумней зрабілася мне...
Павесіў я торбу на плечы, тужэй аперазаўся, убіў новы цвік у свой новы кій і павярнуўся тварам схудалым да роднага краю... Разлезлі атопкі мае, ногі мае аб вострыя каменні калечыліся...
Але кожны кавалак дарогі ўліваў нейкую жудасную асалоду ў душу няшчасную маю, бо з кожным часам блізіўся я да сонейка майго, да маці маёй, да ўбогай вёскі, дзе я радзіўся...
I пагоды і непагоды панавалі пад небам...
Зайшло сонейка, ды ізноў узышло. Іграў пастух у трубу, дамоў жывёлу гонячы і ў поле гонячы...
Вось, дзякаваць богу, знаёмы шырокі гасцінец... Вось тая самая бярозка ля крушні, той самы ўзгорак, дзе жвір капалі, той самы хмызняк ля выгану.
Людзі едуць з поля — мяне не пазнаюць. Кажу: «Дзень добры!» — маўчаць.
Нейкім агнём напоўнілася душа мая, нешта спёрлася ў горле, і вочы туманам пакрыліся, убачыўшы рабункі ў гаспадарцы маёй. Дзікі крык зарэзанага вырваўся з грудзей маіх, і ў непрытомнасці абхапіў я дрыжачымі рукамі стары, абросшы мохам крыж, каторы ўжо безлічоныя годы стаіць на ўзгорку сярод вёскі...
Яшчэ як я малым хлопцам гусей пасціў у аднэй зрэбкай кашулі, быў ён ужо гэткі стары. Цяпер на старасці лет толькі ён адзін прымае мяне, нібы дзіцянё свае... Яшчэ бліжэй прытуліўся я да яго, анямелы...
Ой, вялікая ахвяра людскога беспатольнага гора!.. Толькі ты плаціў каханнем за крыўду і здзек!..
На шмат крыжах ужо мучылася сэрца мае акрываўленае... Шмат разоў душа мая поўнай смагай піла горкі напітак атручанай несправядлівасці...
Шмат магілак выкапаў я ў грудзях сваіх для нявыпаўненых маладых жаданняў і цяпер без нічога астаўся...
Доўга я плакаў пад старым крыжам у роднай убогай вёсцы, пакуль ужо і людзям надаела стаяць і дзівавацца, і сабакам брахаць надаела...

Size