Ці я вінават?.., Над сажалкай

Ці я вінават?..
Думы, дзеці душы маёй, мне супакою не даюць.
Ці ўжо пад гэткай планетай дзяцюк нарадзіўся?..
Ці мо я сам вінават у нядбаласці сваёй?..
Саху я ў рукі не бяру; сякера вышчарбілася, нават і лучыны пашчапаць ахвоты нямашака. Суседзі смяюцца, што мазалёў як бы не было на руках маіх.
От пазіраў бы, як сонейка на балоце заходзіць і стагі залоціць... Як канюх плача над яварам... Цягаўся б начамі па хвойніку, апусціўшы галаву на грудзі, заламаўшы рукі на плечы... Заўсёды ад маладзіка да ветаха гэтак рабіў бы...
Ці я вінават, што неяк люблю пазіраць, як жудасны лес моўчкі калышацца пад ззяннем зорак паўночных?.. Ці я вінават, што люблю на чаўне па шырокім плёсе плыць... Над маёй галавой дзікая качка кружыцца, і салодкі смутак напаўняе душу маю, нібы келіх чыстай крынічнай вадою... Ці я вінават?..


Над сажалкай
Толькі што маладзік узышоў, і купаўся ён у сярэбраных хвалях, нібы шчупак... Быццам мармуровыя белыя авечкі, выглядалі хмары наўкола... Смачна спала веска пас ля цяжкай працы летняга дня. Косы навостраныя, кляпаныя, віселі пад стрэхамі, прырыхтаваныя на заўтра... Толькі высокая вярбіна, над сажалкай расхіленая, адна-адзінюсенька не спала...
Бліжэй падышла яна да сажалкі і цуда ўбачыла ў гладзі люстранай вады: купаўся там анёл з распушчанымі шаўковымі валасамі. Над галавой яго быў залаты маладзік. На грудзях блішчэлі дыяментавыя пацеркі зорак. Плоткі маленькія плылі вакол, пазіраючы яму ў ясныя блакітныя вочы...
Не разумела дзяўчынка вяскозая, што яна гэты воблік свой бачыць у вадзе, і зашаптала малітву — тую самую, каторую калісьці стары дзед вучыў яе... Гэтак стаяла яна здзіўленая, пакуль густы туман усё атуліў,— і ваду, і высокі чарот, і белыя кветкі з блакітнымі каптурыкамі, і доўгія пляцёнкі траў вадзяных.

Size