Загадка. Ля вапеннай гары

Загадка

Вытапталі мы сабе месца сярод высокай травы на лузе ля ракі і селі, нібы ў шатры. Млела блізка рэчка сярод цішы летняй ночы, і праменні месяца залацілі нямы чарот...
Маўчала яна... Толькі сэрца маё не маўчала. Неяк мне хацелася нешта казаць ёй, але я не ведаў што.
— Загадай загадку! — выпаліў я раптам ні з таго ні з сяго.
Зірнула яна на мяне, а ў гэты самы момант месяц зірнуў на яе. ІПаўковымі хвалямі былі распушчаны валасы па плячах. Ад іх ляглі па твары паўцені, і вочы глыбокімі зрабіліся, а яна зрабілася таемнай — здаецца, любіла і не любіла, жартавала і не жартавала, не то клікала да сябе, не то адганяла... I я не мог разгадаць...
Нямела ноч. Чорныя вольхі драмалі. Адны зоркі гаслі, і другія запаліліся.
Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць, ці ж па гордасці адвярнуцца ад яе ды захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё...
Яна загадала загадку...


Ля вапеннай гары

У дзікія горы пайду я, дзе гаротнікі ўвесь доўгі гарачы дзень без аддухі вапну капаюць...
Шпарка рухаюцца іх чорныя, мазолістыя рукі. Не выпростваючы спіны свае па колькі гадзін, яны рыдлёўкамі падкідаюць цяжкое каменне, нібы пярынкі...
Простыя вельмі людзі яны: вераць нават у нячыстую сілу ды, шчыра молячыся, незвычайнага цуда чакаюць... Адзін лахматы сівы вапельнік жудасныя казкі баіць перад сном, ажно палохаецца грамада ўся I туліцца бліжэй адзін к аднаму...
Добрыя людзі яны! Апошні кавалак хлеба аддаюць жабраку на дарозе...
Іду я да іх шэрай гадзінай, калі ля вялікай печы ў яме, дзе ванна паліцца, сядзіць дачка сівога вапельніка і гатуе вячэру. Цямней робіцца навокал, сумней станозіцца расцяроб, ахоплены цёмнымі ценямі...
Чаму я палюбіў гэтую вясковую дзяўчыну? А яна,— нібы тая бярозка сярод поля,— як тая крынічка пад узгоркам, чыста яе сэрца... Быццам лічаныя, з'яўляюцца зоркі... падобныя да вачэй дзяўчыны...

Size