У часе змяркання

У часе змяркання, калі ў маёй каморцы ўбогай, йаміж хваль згусцеўшых ценей, пачывае таемны спакой... У часе змяркання, калі па ўсёй вёсцы гатуюць вячэру і кабеты старанна прыхіляюць галовы да чорнага чалесніку і пільнуюць, каб страва не пабегла...
У часе змяркання, калі на запыленым аконцы памірае апошні прамень зары вячэрняй, а недалёка на ганку хлопец на гармоніцы грае,— устаюць, аджываюць успаміны мае, быццам анёлы белыя...
Бачу я пару маркотных вачэй, каторыя чаруюць мяне сваей сумнасцю, сваей сілай незвычайнай...
Адбіткі мінуўшчыны падымаюцца ў маім сэрцы, як крывыя крыжы на ціхіх магілках...
Ці толькі сны маладосці кіруюць чуткай душою маёй? Ці толькі цалаваць мне пустыя, па-крытыя пылам вазы, у каторых калісь-то ружовыя кветкі цвілі? Не адклікнецца мовай жывой пабітая скрыпка...
Не памаладзее старое сэрца... толькі ўспаміны мае не старэюць...
А каб у смутку сваім асалоду знайсці, я пабягу на абшырны дзядзінец паслухаць, як хлопец на жалейцы нешта ціхімі тонамі іграе. Я пабачу, як месяц сіяе над вёскай, як шэпча за рэчкай хмызняк, і сярод пахучай глухой ночы я знайду даўно жаданае забыццё...

Size