Нібы рупны араты... У досвітку. Не пазірай на мяне...


Нібы рупны араты...

Нібы рупны араты, выходжу я раніцай на дзядзінец, яшчэ як сам Бог спіць, здаецца...
Пад белым морам туману дрыжыць густы хвойнік на лагчыне. Над рэчкай месяц бляднее. Галавешкі начлежнага вогнішча яшчэ смаляцца пад сухім карчом. Бярэзнік ахоплен чырвоным морам усходняй зарніцы. Бароны началі крычаць і крыліцца над зялёнай елкай. Кангошына смачна запахла, і ў вёсцы вароты заскрыпелі...
Пасля бяссоннай начы, калі ў нейкай непрытомнай гарачцы мучыцца чалавек і, быццам калючыя шышкі, думы абхапілі яго сэрца,— вельмі прытомна дачакаць усходу сонейка... жадаеш цеплаты яго і, пасылаючы на ўзгорку шчырую малітву дню, сісідаеш, як непатрэбныя атопкі, думы начныя...


У досвітку

Я запалю лучыну ў досвітку і засяду за стол дубовы пад абразамі, бо сон мяне не бярэ і я толькі бакі пабіў аб голы тапчан...
Быццам разгневаны рой пчол, думы апанавалі мяне... Але нічога не зробіш — у сэрцы маім радзіліся яны, душа мая гадавала іх.
За акном рабіна ківаецца, і перад усходам цямней яшчэ робіцца на дзядзінцы.
На блізкім двары асвер заскрыпеў — напэўна, суседка толькі што скінула каромыслы з плеч: ёй трэба дайніцу вымыць і кароў даіць. Потым пабудзіць яна хлопца, і ён пагоніць карову на расцяроб, сам назапасіўшыся харчамі...
Бярэцца пад дзень. Святлее. Людзі за працу хапаюцца. Толькі я адзін не ведаю, за што ўзяцца.
Як толькі вырас я з сваей зрэбнай кашулі, майму сэрцу цесна зрабілася ў грудзях і душы ў целе. Здаецца, лётаў бы вышэй гаю зялёнага, далей рэчкі блакітнай, туды, дзе сонейка ўзыходзіць, дзе фарбай пурпурнай яно хмаркі фарбуе. Здаецца, ахапіў бы ўвесь свет божы і зліўся ў адно з ветрам лёгкім, каб нешта цікавае, патрэбнае казаць убогім вёснам, каторыя, нібы апенькі на пасецы, рассеяны па ўсяму вялікаму абшару беларускіх раўнін і балот...


Не пазірай на мяне...

Не пазірай на мяне вачамі гэткімі бліскучымі, бо заглыбока пранікаюць яны ў маю душу і паляць мяне невядомым агнём...
Не прасі, каб я табе што-колечы гаварыў, бо ўсю праўду выллю перад табой і святасць наша згубіць сваю красу і прыме звычайную будзённую вопратку.
Лепей будзем хаваць нашы казкі, наш яснацвет маладосці і назаўтра, каб святліца кахання нашага пустой не засталася. Будзем моўчкі слухаць, што нам зоркі пяюць, будзем моўчкі пазіраць, як русалкі за хмызняком танцуюць...

Size