У заварожаных казках. На гай высокі... Не шумі...

 

У заварожаных казках

У заваролсаных казках і снах купаецца жыццё — маладое мае. Я шлю мае напевы блакітнаму небу сонечнаму...
Усё ажывае пад сонейкам.
У парнасці зялёнага гаю чуцен пах кветак і сасновай растопленай смалы. Ціха палуднуе аратай пад высокім дубам на мяжы. Быкі зыгуюць, а за імі ганяецца хлопец з доўгай пугай у руках... Усё пакрыта залатым пылам сонечных праменняў.
Калі неба гэтакае яснае, дык што табе яшчэ трэба, чалавеча?..
Калі птушкі гэтак пяюць над алешнікам, дык чаго ты нудзішся?
Весяліся разам з кветкамі канюшыны, завадзі песні з крынічкай і шчасліў будзеш...

На гай высокі...

На гай высокі я вочы свае падымаю, і сэрца кволае нешта ў блакітнага неба пытаецца... Цесна робіцца ў грудзях ад таго, што я адказу дачакацца не магу...
Ці гэтак я і апошні раз закрыю вочы свае, нічога не дачакаўшыся?
Я ў кусочкі паламлю саху сваю, быкоў сваіх на волю пушчу, кіну добрым суседзям морг свой камяністы і пайду брысці на дзікае балота — далёка ад людзей.
Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я, схілены ў тры пагібелі, і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць...

Не шумі...

Не шумі, човен, па явары, не пужай качак маладзенькіх, не псуй кветак белых з маленькімі гладышыкамі, з зялёнымі каптурыкамі...
Я дабяруся да самага плёсу шырокага, дзе на высотам беразе дзве бярозкі разам зрасліся, спляліся галінкамі сваімі, толькі сякера вострая разлучыць іх... Часам сярод іх пахучых галін салоўка пяе адвечную песню кахання, і трэлі яго нясуцца па ўсім лузе абшырным...
Начамі не спіць адзінокі палясоўшчык, чуючы гэтыя песні. Ён сядзіць на прызбе ўбогай хацінкі сваёй, і добрыя вочы яго слязамі напаўняюцца...
Вершаліны бору асветлены месяцам, а ў доле на папараці дрыжаць іх велізарныя цені...

Size