Мяцежнiк

1 2

Хай граюць,
Буяюць
Віхровыя хвалі!
Хай плачуць,
Хай скачуць —
Ім вольніцу далі.
А мора мяцежнае —
Маткаю мне.
А бура —
Ў грудзях у мяне.
Я — гнеўны паўстанец!
Я — вольны мяцежнік!
Я — славай кірую!
Я — сонечны воін!
Я — гром-зоратканец!
Я — з цемрай вячыстай ваюю!
Я — волю з жалезных клыкоў вырываю
Я — гнеў гарапашных!
Я — злосць агнявая!
Я — помста
За здзекі,
За кроў,
За шмат слёз!
Мне — крок
Ад зямлі да нябёс!
Памчаўся
Далёка...
Прапаў...
I не вернецца смелы Ніколі!..
Яго не ўбача ўжо матчына вока...
I грудзі парвуцца ад болю.
Яму за адвагу
Пахвалы не трэба.
Яму шлях бунтарскі —
Зарніца у небе.
Ён-
Шчасце,
Ён —
Мара
Адважных людзей.
Ён — песня старых і дзяцей.

1 2
Size