Зямля

Зямля...
Вялікі, бязмерны абшар зямлі адкрываецца воку майму.
Я падымаюся вышэй і вышэй на нейкіх скрыдлах, з дзівам разглядаю велізарнае ўладарства зямлі...
Як у казцы, нясуцца прада мной шыры гэтай зямлі, каторыя і ідуць лясамі, нівамі, лугамі, далінамі, месцамі паханымі, мяккімі, нібы пух, шнурамі і месцамі камяністымі шэрымі глыбамі...
Як у казцы, нясуцца прада мной поры года: святая зялёная вясна, гарачае залатое лета, сытная багатая восень, бліскучая здаровая зіма...
I мяняюцца фарбы, і мяняюцца віды...
Усё жыве, усё рухаецца... шуміць...
Зямля! Маці наша! Чуецца заўсёды і ўсюды тваё цёплае, жыватворнае дыхание, каторае мёдам па жылах разліваецца...
Усе мы дзеці твае: і расліна, і жывёла, і чалавек. Усіх ты нас родзіш, усе мы жывём на табе, усіх ты нас ізноў прымаеш...
I хто карэннямі сваімі глыбей у зямлю стараецца ўлезці, у таго галава чуць не да самага сонейка даходзіць, у таго шчасце ракой-морам расшыраецца...
Дорага кожнаму чалавеку зямля родная, каторая дала яму жыццё і гадавала яго, яго бацьку, і дзеда, і прашчура, і ўвесь народ свой... Ой, як дорага!
Ён ёй малітвы гаворыць, ён ёй песні пяе разам з птушкамі, з лесам, з ручайком...
Як поўныя зярняты на тлустай раллі, у душы кожнага разрастаецца міласць да краю свайго, і так найдаражэйшы скарб, як гняздо шчасця, перадаецца ад пакалення ў пакаленне...
Часам гэтак чалавек зямлі сваей гаворыць:
— Зямля, родная! Трымай мяне крапчэй, дай мне жыццё! Заступіся за мяне!..
Буйным віхрам нясецца вораг і хоча вырваць мяне з самымі карэннямі...
— Зямля! Што мне рабіць? — плача ён, як дзіця да маткі сваей.
I зямля тады гэтак адказвае яму:
— Болей брацтва паміж сабой і меней страху. Міласць твая да мяне будзе ратункам тваім... Стой на сваім месцы адважна і будзеш вечна жыць ва мне, як той лазовы куст, каторага як бы ні адсякалі, а ён усё разрастаецца...
Тут устае цэлы край, як адзін чалавек, і ідзе на смерць, на мукі за зямлю — за край свой родны з ішлікай і жалезнай, страшнай адвагай...
I сыціцца зямля крывёй чалавека, і сеецца касцьмі яго, дзе барознамі служаць курганы магільныя.
Самае апошняе слова чалавека пры кананні:
— Зямелька, матка родная! Самы найдаражэй.I скарб свой, жыццё свае аддаю табе!
I чалавек адваёвывае зямлю сваю, жыццё свае, край свой...

Size