Ля кросен

Распусціўшы па мармурных плячах свае шаўковыя даўгія валасы, пяючы маркотную старасвецкую песню, сядзела дзяўчынка ля кросен і ткала.
I ткала белымі рукамі сваімі белы кужаль, і пазіралі яе вочы праз маленькую шыбіну не на вольху, каторая ківалася блізка, не на азярод высокі на гумне, а на сцежачку вузкую.
Ёй маркотна было — чакала яна, мо хто пяройдзе па сцежцы, мо хто песню яе пачуе сярод ночы і прыстане, каб украдкам паслухаць...
Тым часам месяц пранік праз аконца і пазіраў на дзяўчынку, на белы кужаль. Нейкім чароўным малюнкам пазалаціў ён усю убогую закураную хацінку...
Змоўкла дзяўчынка, бо здалося ёй, што яна сядзіць у зачараваным залатым хораме, аб каторым сівая бабулька ў вечар зімовы баяла...
Шырока расплюснуліся яе бліскучыя дзіўныя вочы, і выглядала яна быццам святы вобраз кемнага маляра...

Size