ПАСТУШКА

Адзін на балоце. Сягоння нядзеля.
На раніцу птушкі звіняць, як званкі.
Туман нада мною ваўнянай кудзеляй.
Нікога пры сплаве няма ля ракі.
Касцёр зараз згасне. Трашчаць галавешкі.
Закашляла хрыпла ў імбрычку вада,
Спяклася і бульба — малыя арэшкі.
Я чую з туману: «Рабуля, задам!»
Ці голас дзіцячы? Ці голас дзявочы?
Тут пасвіцца стада ў вільготных кустах.
Ідзе хтось з туману. Бліскучыя вочы.
— Дазвольце пагрэцца... — У голасе страх.
Пастушка малая. А гразь па калена.
А торбачка збоку. Дубец — як вужак.
Худая дзяўчынка... А зубы — як пена.
Ад холаду рукі і губы дрыжаць.
Вось бусел спусціўся. Пачаў свае гульбы:
Стаіць недалёка на тонкай назе.
— Пагрэйся, дзяўчынка, гарачаю бульбай!
Не знае пастушка, дзе рукі падзець.
I бусел узняўся. Шырокія крыллі
Гарэлі у небе сваёй белізной.
Дзяўчынка пад'ела. — Завуся Марыляй.
— Кажы, як жывецца? Не бойся, я свой!
— Дык наша хацшка маленькаю будкан
Адна на паляне, як той вартаўнік.
На прызбе шырокай растуць незабудкі.
Дубок, як падпора, да сценкі прынік.
Дык там мухаморы глядзяць у канаўку,
А воддаль бабуляй шапоча сасна.
Насустрач — даліна, мурожная траўка.
За лугам — магільнік, хмызняк і багна.
Хоць раз ці была я ў матулі пястушкай,
Хоць раз ці карміла матуля як след.
Служу я ў фальварку, тут блізка, пастушкай.
Служу нізавошта ўжо некалькі лет.
На раніцу статак пускаю на выган,
Адтуль па балоце — на панскі барок.
На могілках страхам нязведаным вее,
Апрыкрала грэбля, крыжы і пясок.
Хоць ёсць абарона пры самай дарозе —
Нябожчыка бацькі бугорчык зямлі.
Я вочы зажмуру, бягом у трывозе
I плачу пры гэтым у тры ручаі.
Я помню, татуля быў вечна за працан,
Ён парабкам цёнгля служыў у дварэ.
Тады, як і зараз, быў голад у хаце,
Аж нейкая жаласць за сэрца бярэ...
I скардзіўся тата на пана благога:
«Працуеш-працуеш — аднолька бяда.
Ану яго к чорту! Ану яго к Богу!
Надыдзе часіна, ой перцу задам!»
Аднойчы уночы — гу-га-а ў дварэ там,
Агонь аж да неба падняў галаву.
I быў той халодны маёнтак сагрэты,
I лоўка сваволіў чырвоны пявун.
Бярэ мяне радасць — на небе вясёлка,
А людзі — туп-туп і туды і сюды.
Святлютка-святлютка, хоць нітку ткні ў голку!
Завылі сабакі ад нейкай жуды.
Пляваўся, грымеў у пажарышчы бровар,
А дым, нібы хмара, а нейкі смурод.
Іржалі там коні, рыкалі каровы,
3 ваколіцы блізкай збіраўся народ.
Тады як да бацькі прычэпіцца пан той:
«Твая гэта справа! Кажы ды кажы!»
I бацьку звязалі. Ад бочкі ды крантам
Яго калацілі на панскай мяжы...
Памёр ён праз месяц. Вунь там пахавалі.
А маці гаворыць: «Ён — Богу душой».
Балююць паны, як раней балявалі,
А маці — ўдавою, а я — сіратой.
Дзень кожны я з стадам — сюды на балота.
А гразнуць каровы у гэтай багне.
Дык вось нападае чамусьці маркота,
Хоць кожная купка знаёма тут мне...
А думкі наводзяць на злосць і на смутак,
Хоць птушкі пяюць ад зары да зары.
Ніхто не раскажа — не знаю, чаму так...
Такое жыццё — хоць агнём ты згары!..

Size