АД КРЫВІ ЧЫРВОНАЙ

Ад крыві чырвонай фарбаваўся Нёман.
Гаціліся гаці з трупаў па вадзе.
Дзікі свіст і бразгат.
I выццё і гоман.
Бітва, як ніколі... бітва, як нідзе...
Людзі, коні разам гойдаліся ў сечы,
Малаціў галовы алавяны град...
Вочы непрытомны. Крык нечалавечы.
Смерць прымала строга жудасны парад.
Затуманіў неба шыза-дымны порах.
Жорлішчы гарматаў кархалі агнём.
Ціхія сялібы нішчыў «свой» і «вораг».
Працу, пот гаротных панясло віхром.
У зямлі глыбока рыліся шрапнелі,
Над зямлёй высока віўся самалёт,
Чорным шумным стадам груганы ляцелі,—
На крывавым полі ладзілі свой злёт.
Грутанню спажыва вельмі ўжо багата.
Трунак хмельны льецца хмельнаю ракой.
Ой, крыві залішне.
Ой, крыві занадта,
Ажна ахмялелі, патанулі ў ёй...

Size