ТРЫ СЦЕЖКІ

Тры сцежкі на нашай зямельцы праходзяць,
Тры сцежкі.
Адна на Заход — да Варшавы.
Другая на Ўсход — да Масквы.
А трэцяя — проста ўпярод.
Ідзе, ды ідзе, ды ідзе —
Далёка — да самага
Сонца. Тры сцежкі.
Тры варты на сцежках стаяць і чакаюць,
Тры варты.
Адна уся ў чорных сутанах лацінкаў,
І хітры-змяіны язык езуітаў
Ўсіх кліча-заве да гатыцкіх харомаў
У рукі паном цалаваць.
Другая уся ў залатых пазументах,
I грубаю голаснай лаянкай кліча,
Кулак яе сціснуты. Біцца гатова.
Ганяе усіх пад цар-звон на паклон.
А трэцяя варта у світках, у белых,
У поясах тканых рукамі сялянак, —
Усе ў васількох ды у макавых кветках.
Бароды сівыя да самых грудзей,
I вочы сіяюць, бы зоркі.
Нічога не кажуць, а граюць на гуслях,
У спевах без слоў ўся відаць Беларусь:
Шчыр-боры шумяць, і жаўронкі спяваюць,
Хвалююцца рэчкі. Ратаі аруць.
I чуецца гора няшчаснай зямелысі,
I чуюцца слёзы бяздольнай Краіны.
I граюць на гуслях. I спевы без слоў
Ой, дужа гаворуць, чаруюць душу.
Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй!
Сцежкай сваёго Да Сонца ідзі!

Size