ЖАЛЕЗНЫ ВОУК

1 2 3 4

I валіцца сонца
Чырвоным шчытом,
Пажарыць дубы і барыны.
I цені ля пнёў,
Нібы козы, ляглі.
I туліцца вечар,
У долах чакае.
Змоўк рог паляўнічы.
Нямала сягоння пад князевы лук
Зганялі зуброў і казюль.
А князь быў стральцом самым першым,
А князь быў стральцом самым трапным.
Так гутарка йшла,
Так усе гаварылі ільсціва.
Бо лепш паляванне ў лясах,
Чым па гнёздах — па норах падданых.
Бо лепш хрыпы смерці звяроў,
Чымся войканне, гвалты дзяўчат.
Змоўк рог паляўнічы.
Даволі.
Будзе досыць забавы крывавай.
I людзі, як псы,
I псы, нібы людзі,
Спацелі. У пене. У пыле.
Служылі. Гатовы служыць.
Спакора ў вачах.
Ці шчыра, няшчыра — спакора...
Бы «нішто» акружыла «усё»,
Акружылі ўсе Гедымша'.
I нехта за повад стрымаў жарабца,
I нехта к страмёнам прысунуў руку,
I нехта сагнуўся, каб князю мякчэй
Было па спіне цяжкім чобатам стаць,
I нехта прытоіў злы бляск у вачах,
I нехта праклёны шаптаў!..
Каня адвялі да пшаніцы,
Князь прылёг адпачыць
На высокай гары над Вялейкай,
Як і быў ён у зброі жалезнай.
I сонца кацілася ўніз ды уніз,
I цені раслі і даўжэлі, I вечар туліўся, чакаў...
Стала ціха вакол.
Бераглі князеў сон, як збавенне, як скарб;
Сцераглі яго сон, нібы звера у клетцы.
Бо як спіць — не грашыць
Нават князь, нават цар.
Бо як спіць — няма гора нікому.
Зоркі зірк навакол, нібы вочы людзей,
Нібы вочы адданых ваяк,
Нібы вочы пужлівых дзяўчат,
Нібы вочы мяцежных людзей.
Зоркі блішчаць.
Хай не думае хто, калі спіць ясны князь,
Дык і варта узбройная дрэмле,
О, варта не спіць,
Хоць ніхто і не думае князя чапаць:
Як навекі засне, будзе шмат князянят,
Будзе горш, як цяпер...

1 2 3 4
Size