Шаптаў чарот

Шаптаў чарот пад высокім дубам у шырокай затоцы ракі.
Дзікая качка кружылася над дубам.
Месяца не было, але была відная ноч...
I стары рыбак паехаў па абшырным глыбокім плёсе, на чоўне-душагубцы, венцер паставіць.
Быццам маліўся высокі цёмны бор, і сумна было на дзікім балоце.
Развёў я вялікае вогнішча на самым беразе ракі...
Як залатыя пчолы, як песні маладосці, падняліся, лунаючы ўвысь, іскры... і гаслі адна за другой разам з маімі ўспамінамі светлай, шчаслівай маладосці.
Сумна было на дзікім балоце — і захацелася мне пець вясёлую песню, вольную песню. Але з таго часу, як мілая мая дзяўчына лягла ў халодную магілу, я перастаў пець... I захацелася мне плакаць — але нешта каменем станула ў маім горле... Нейкім агнём пакрыліся мае вочы, і слёзы не пацяклі...
I шаптаў чарот нямым голасам сваім, нямы голас магілы абхапіў мяне, і я задрыжэў...
Месяца не было, але была відная ноч.
I сумна было на дзікім балоце, пад абшарам ня-мога блакітнага неба...

Size