Вясной

То не снег — то чаромха цвіце:
Падарунак вясны-дабрадзейкі,
То не снег — то бярозка расце,
То не снег — матылёчкаў сямейка.
То не шоўк — гэта рунь пад гарой,
То вясны маладой арнаменты,
То не скарб дарагі над зямлёй —
То праменняў блішчаць дыяменты.
То не водгукі струн залатых,—
То жаўронак чаруе ратаяў;
Ён у спевах вясновых у тых
Хараство ніў-палёў усхваляе.
I, здаецца, не ў першы разок
Гэта шчасце вясна прынасіла.
Але вабіць вясновы дзянёк,
I насыціцца вока не ў сіле...
Мая радасць імчыць да нябёс,
Да бязмежных у далі паветак,
I раблюся я братам бяроз,
Ручаёу, матылькоў, кволых кветак.
Запалонен я песняй зямлі,
Загубіўся у ёй, як пясчынка.
Не магу ад яе адысці,
Як ад дуба малая галінка.

Size