ПАХОДНІ

На плітах алатырных залатых вякоў,
На сочнай глебе сказау з княжацкіх учынаў,
На красках простых спеваў простых мужыкоў,
Над плоймай струнных гукаў гучных адпачынаў
Агнеюцца паходні.
Іх водблескі рунеюць многа соткаў лет,
Квітнеюць, як лілеі казачнай крыніцы.
А кожная з паходняў — сонца-сяміцвет,
Якое мкнецца ўвышку, з яркай зараніцай
Спрачаецца удодні.
Адвечныя скрыжалі роднае зямлі
Хаваюць нашы скарбы, носяцца над краем,
Паказываюць жыва, як дзяды жылі,
Гавораць нам яскрава, што мы мелі, маем
Ад песняроў-прарокаў:
Баянаў сын-наследнік, — Ігара гусляр, —
Пакінуў нам на славу песні залатыя.
Праз восем праз сталеццяў з краю ценяў, мар
Прышлі да нас, як госці, птахі-гуслі тыя,
Бы ззянне праз аблокі.
Пад попелам пад пылам манастырскіх крат
Знайшлі стары пергамент песняў лад
Народы і плямёны, кожны на свой лад,
Гардзіліся знаходкай Ігарава Слова,
Евангеллем славянаў.
Пад месяцам, пад сонцам Полацкіх капліц,
Пад спеўнымі званамі залачоных вежаў,
Пад паляўнічым рогам ў явах таямніц
З'явіўся наш Скарына кветкай родных межаў,
Вясёлкай з-пад туману.
На мове паспалітай простых пастыроў
Тлумачыў ён прарокаў сказы-святапісы.
Жыў твор яго ў народзе, нібы ў жылах кроў,
Праменіўся над краем сонечнаю рысай,
Аздобаю нябеснай.
ч.Пад замкам Гедыміна над ракой Віллёй
Яшчэ адзін тастамант славіў нашу долю:
То быў Літоўскі Статут.
Праўдаю святой, Імпэтнаю
Пагоняй мкнуўся ён па полі
I па даліне роснай.
Яшчэ было паходняў па дарозе шмат,
Якія нам свяцілі ў цемры доўгай ночы:
Вянок народных песняў фарбамі багат;
I хмеліць сэрца, душу, ззяннем слепіць вочы,
Вянок наш мятарутны.
Ці помніце вы песні аб сваіх дзядох?
Ці бачыце паходні, родныя саколы?
Ці пойдзеце наперад па святых слядох?
Ці будзеце свяціцца ў родным творчым коле?
Ці будзеце магутны?

Size