БЕЛАРУСЬ

Ты — летапіс з аповесцяў вячыстых,
Акроплены слязамі дудароў.
Ты — яснацвет ад водгулляў агністых
Сняёў, касцоў і старцаў-пастыроў.
У залатой кудзелі гучных спеваў
Дрыжыць твой бор, сумуе твой гушчар.
Дзед-чараўнік стаіць пад кожным дрэвам,
Балота спіць пад вэльмам зорных чар.
Твае лугі сняць сны аб гуках ночных,
Аб вогнішчах начлежных дзецюкоў.
Пад гуд віхроў, варожбаў света-змрочных
Тчэ глебны дух абраднасці вякоў.
Сам Госпад-Бог хадзіў тут па зямліцы,
Усюль зіхцяць-відаць Яго сляды.
Па тых слядох красуюцца капліцы,
Па тых слядох брыдуць у даль Дзяды.
Сышліся тут Ярыла2 з Божым Сынам,
Святая Маці з Доляю жыве.
Ў цяні дубоў пад старадаўнім тынам
Ільля й Лясун расселіся ў траве.
Тут кожны крок абвеян казкай сівай,
Што ручаёк — жалосных спеваў жмут.
Шурпаты пень на лузе ці на ніве —
Нязнаны дух, або таемны цуд.
Тут воўк — не воўк, а чалавек закляты,
Тут корч — не корч, а той жа селянін.
А бусел-птух — не птушка, а араты,
Вартуе Дзіў абшар лугоў, далін.
А курганы, а замчышчы, званіцы,
А пустыроў святая цішыня;
А гнёздаў-мест ліхтарні-зараніцы,
А вышкі гор, а рэчак глыбіня...
Усё жыве жыццём Дзядоў адвечных,
Тут кожны век пакінуў знак-пячаць.
Па тых знакох — па тых шляхох па млечных
Ідуць сыны свой край адбудаваць.
I край легенд, той край, дзе жыў Скарына,
Зноў парадзіў прарокаў і байцоў:
Ідуць-брыдуць, бы Нёман з месца рынуў,
Бы грамада узброеных касцоў.
Іх кліч грыміць, як зычны хор грымотаў,
Як буралом, імчыць у горны свет.
Дрыжыць зямля ад нізаў да высотаў,
Праменіць даль Купальскі агняцвет.
Васкрослі зноў багі сівых Калядаў,
Ратай ім спеў кідае на агонь.
Хто на алтар падсыпне зелле здрады,
Таму ўвесь край шле жудасны праклён.
Ёсць шмат такіх, што да Цябе плячыма,
Маць-Беларусь, адвернуты стаяць,
На Усход, Заход халопскімі вачыма,
Як вепрукі здзічэлыя, глядзяць.
Грызуць яны тваіх дубраў насенне,
Іх кпінаў гаць забрызгана гразёй, —
У глыб зямлі ўвайшло Тваё карэнне,
Лясы шумяць высока над Табой.
Ты зноў жывеш, бо Ты не знала смерці, —
Магутны дух мацнеў ад роду ў род.
Твая душа, шчыр-думы Твайго сэрца
Раслі-цвілі з народу ды ў народ.
Сама, Сама наладзіш сваё веча, —
Разбілі сталь адгукі вешчых струн.
А хто пачне чыніць тут злыя рэчы —
Таго заб'е наш волі бог — Пярун.
Сама, Сама адзначыш Свае межы.
Без дапамог няпрошаных дзядзькоў.
Ты забярэш, што да Цябе належа, -
Маць-Беларусь, спакон глухіх вякоў!

Size