Ратай

Звышку паліла сонейка. Кожны стараўся хавацца ў халадочку і выпіць крынічнай вады пад узгоркам, толькі ратай працаваў на полі да поту, выводзячы баразну за баразной.
Пад елкай ля крушні стаяў панскі паганяты і грымеў на яго: «Барзджэй! Не гультай! Толькі дармовыя грошы бярэш!»
— Ах, Божухна! — уздыхнуў ратай-падзённік.— Як я хацеў бы быць прыганятым! Во каму добра!
I Бог зрабіў гэтак.
Паважна, фанабэрыста хадзіў ён па мяжы, і турыў, і лаяў бедных ратаяў-падзённікаў.
Але прыехаў сам пан, і паганятаму прыйшлося перад ім знімаць шапку і кланяцца ў тры пагібелі.
— Ой, Божухна! — уздыхнуў ён.— Я б хацеў зрабіцца панам! Во хто лоўка жыве!
I Бог споўніў яго жаданне.
Быццам пава, хадзіў ён у сваіх багатых пакоях. Усе кланяліся яму з пашанай ды ў вялікім страху чакалі яго ласкі. Поўныя свірны збожжа ажно аруды дубовыя ламалі і шмат золата абяцаліся даць яму.
«Ну што ж? — падумаў ён.— Каб не гэтыя зярняты, я бы панам не быў і нават з голаду памёр. Зярняты вартней усяго на свеце!»
I захацелася яму зрабіцца зярнятамі.
I Бог паслухаў яго.
Зрабіўся ён жытнімі зярнятамі.
Набраў сейбіт поўную севалку жыта і выйшаў сеяць на мяккай раллі. За колькі дзён пусціліся залацістыя каліўцы ўверх і беленькія карэньчыкі ўніз пад зямлёй. Шаўковая рунь усю зімку праспала пад пакрыццём сярэбранага снегу, а летам вырасла, як лес, прыгожае каласістае жыта. Зямля выгадавала яго, як добрая матка — дзіцятка свае.
«Нічога я не быў бы варт, каб не зямелька родная,— падумаў ён.— Ой, Божухна! Я хацсў бы стацца зямлёй! У ей уся сіла!»
Зрабіўся ён зямлёй. На тлусты пахучы чарказём аж люба было глядзець — проста сэрца весялілася!
Раніцай прыйшоў рупны селянін на поле, пера-жагнаўся, запрог у саху кабылу і давай араць свой шнур, захопліваючы слаі ўсё глыбей і глыбей, быццам хацеў ён раскрыць самае сэрца зямлі сваей...
I даўнейшы ратай зямелькі цяпер ізноў стаў думаць: «Што зямля без ратая? Без яго працы яна сама хлеба не дасць. Самае важнае і лепшае — гэта ратай!»
I стаў ён прасіць Бога, каб зноў зрабіцца ратаем. I Бог ізноў зрабіў яго ратаем, якім ён спярша быў.

Size